Віктар Бабарыка і яго адвакаты Дзьмітры Лаеўскі і Натальля Мацкевіч азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Яны пабачылі ў справе факты, якія паказваюць на недатычнасьць Бабарыкі да злачынства, паведамляе Tut.by.
«Абапіраючыся ўжо на ўвесь масіў інфармацыі, прыйшлі да высновы, што ў дачыненьні нашага падабароннага абвінавачаньне не даказана. Наадварот, ёсьць шэраг аб’ектыўных фактаў, якія сьведчаць аб тым, што Віктар Бабарыка не зьдзяйсьняў таго, што яму вылучылі ў абвінавачаньні. Таму мы зноў заявілі аб неабходнасьці спыненьня крымінальнага перасьледу, — распавёў Дзьмітры Лаеўскі.
Прычым адвакаты даведаліся пра накіраваньне справы пракурору са СМІ, а не ад афіцыйнага органу сьледзтва — КДБ. З камітэту ім не тэлефанавалі і ні аб чым не апавяшчалі.
Больш за месяц абаронцам не давалі наведаць Бабарыку ў ізалятары, таму яны не маглі кансультавацца з падабаронным канфідэнцыйна. Калегі Лаеўскага і Мацкевіч, якія ўваходзілі ў лік адвакатаў Бабарыкі, цяпер ня могуць займацца падобнай дзейнасьцю. Максім Знак пад вартай у СІЗА, а ў Аляксандра Пыльчанкі ўлады забралі ліцэнзію.
Віктара Бабарыку, колішняга старшыню «Белгазпрамбанку», вінавацяць у карупцыі і нясплаце падаткаў. У зьняволеньні таксама ягоны сын Эдуард Бабарыка, якога таксама абвінавачваюць у эканамічных злачынствах. Пры гэтым ні бацька, ні сын сваёй віны не прызналі, а праваабаронцы далі ім статус палітвязьняў.