Невядомыя ў цывільным білі людзей і пагражалі зброяй.
Вікторыя Мароз апавяла «Нашай ніве», як у Новай Баравой затрымалі ейнага мужа Віктара.
«Сёньня ўвечары мы сям’ёй выйшлі на прагулку. Позна? Дык у нас двор упрыгожаны, стаіць ялінка. Дзіця вельмі хацела. У двары муж сустрэў знаёмага, спыніўся пагаварыць, мы стаялі троху побач. Дзіця ўзяло з сабой ліхтарык, сьвяціла на цацкі ці нешта такое.
І тут я бачу сытуацыю: бяжыць дзяўчына, за ёй бягуць двое мужчын, гэта ўсё выглядае як напад, я крычу: „Вы што робіце? Вы хто такія? Што адбываецца?“ Сын пачынае хавацца пад ялінкай. Мой муж гэтаму чалавеку кажа, каб пакінуў дзеўку, а той, ні слова не кажучы, дастае пісталет — гэта ўсё бачыць дзіця, — і б’е мужа нагой у жывот.
У нас думка, што гэта нейкія бандыты, яны не прадстаўляюцца. Людзі ў нейкіх каляровых масках, спартовых касьцюмах. Крычаць, каб мы каціліся адтуль. Куды? Мы тут жывем! Першая думка — паклікаць на дапамогу.
Але на заклік прыбеглі такія ж самыя і пачалі круціць майго мужа, біць. Я ўчапілася ў аднаго, у мяне цякуць сьлёзы, я кажу — вось наш сын, ён усё бачыць, што ж вы робіце? А адзін з іх хапае мяне за горла, — я думаю, гэта быў нейкі прыём, бо ў мяне заняло дыханьне, можа, артэрыю пераціснуў, ці што, бо падкасіліся ногі, — я адпусьціла рукі. Мужа пацягнулі. У мяне пытаньне, калі гэта органы — то ад каго яны мяне „абаранялі“? Мой сямігадовы сын плача, што хоча зьехаць адсюль, што яму „надакучыла жыць“ — адкуль у яго ў гэтым узросьце такія думкі?» — эмацыйна расказвае жанчына.
Віктар Мароз — фігурант справы «Белага легіёну». У 2017 годзе ён адседзеў 100 дзён за кратамі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі сваякі.
Раніцай 6 студзеня Віктара зь Першамайскага РУУС прывезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі. «У яго праблемы з шыяй, моцныя ваніты, страсеньне мозгу», — паведамілі «Нашай Ніве» сябры Віктара.
«У нашым двары па вуліцы Ложынскай забралі ўсіх мужчын-суседзяў, зь якімі выходзім папіць гарбаты і пагутарыць па вечарах. Прыехалі два мікрааўтобусы і чалавек 30 у балаклавах і спартовай вопратцы», — паведаміла чытачка Tut.by з Уручча.
Праваабаронцам «Вясны» вядомыя наступныя імёны затрыманых:
- Бандарэнка Аляксандар (Першамайскае РУУС)
- Банцарэвіч Уладзімер (Першамайскае РУУС)
- Боднар Валеры (Першамайскае РУУС)
- Вітко Яўген (Першамайскі РУУС)
- Жылко Яраслаў (Першамайскае РУУС)
- Каваленка Дзяніс (Першамайскае РУУС)
- Карташова Алена (адвезлі ў Фрунзенскае РУУС)
- Кінаш Андрэй (5 ГКБ)
- Кірыльчык Аляксандар (Першамайскае РУУС)
- Ламейка Уладзімер (Першамайскае РУУС)
- Мароз Віктар (у Новай Баравой)
- Мартынаў Арцём (Першамайскае РУУС)
- Марчук Сяргей (Першамайскі РУУС)
- Рудзеня Генадзь (Першамайскае РУУС)
- Сабалько Алена (адвезлі ў Фрунзенскае РУУС)
- Філіповіч Юлія (Фрунзенскае РУУС)
- Хоміч
- Чыстоў Дзмітры (Першамайскі РУУС)
- Шуканаў Арцём (Першамайскае РУУС, затрыманы каля Ложынскай,7)
- Юрэвіч Павел (Першамайскае РУУС)
- Якута Сьвятлана (Першамайскі РУУС)
Паводле тэлеграм, каналу «Сьпісы Акрэсьціна», траіх затрыманых зь Першамайскага РУУС адвезьлі ў шпіталі:
- Андрэя Кінаша — у 5-ы шпіталь,
- Віктара Мароза — у шпіталь хуткай дапамогі,
- Дзьмітрыя Чыстова — у 5-ы шпіталь.
Канал мае зьвесткі пра 23 затрыманых.
На затрыманьні ў дварах адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская.
«У Беларусі цяпер адныя і тыя ж людзі аддаюць загады біць і затрымліваць людзей у іхных уласных дварах і плянуюць сходы, якія называюць усебеларускімі і народнымі. Відавочна, што той, хто дазваляе сабе біць беларуса, ня мае ніякага права прадстаўляць ягоныя інтарэсы. Мы не перагорнем ніякую старонку пасьля таго, як у родных раёнах нам пагражаюць зброяй. Мы будзем стаяць на сваім, пакуль не пабудуем тую краіну і ўладу, якую заслугоўваем», напісала яна ў тэлеграм-канале.
4 студзеня пасьля сустрэчы з Лукашэнкам генпракурор Андрэй Швед сказаў у эфіры «Беларусь-1», што перад пракуратурай стаіць задача выяўленьня і спыненьня «так званых фактаў дваровых пратэставых акцый». Швед заявіў, што большасьць пратэставых акцый «ажыцьцяўляецца за грошы замежных спонсараў».