Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: За год у Беларусі зьніклі шэсьць вядомых недзяржаўных газэтаў


Барыс Гарэцкі, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), падчас ператрусу ў рэдакцыі інтэрнэт-выданьня «Ежедневник». Менск, люты 2020 году
Барыс Гарэцкі, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), падчас ператрусу ў рэдакцыі інтэрнэт-выданьня «Ежедневник». Менск, люты 2020 году

У Беларусі ў сярэднім раз на два месяцы закрываецца незалежнае выданьне. Асноўная прычына — палітычны ціск на рэдакцыі. Але ёсьць і фінансавы фактар.

Беларускую незалежную прэсу напаткаў новы віток нягодаў, перасталі выпускацца адразу шэсьць выданьняў. Прычым чатыры газэты спынілі выхад з грамадзка-палітычных прычын, бо ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі, паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская» і «Народная Воля».

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Распаўсюджанасьць інтэрнэт-крыніцаў зрабіла выданьне друкаваных СМІ нявыгадным, адзначыў Гарэцкі. У той жа час, дадаў ён, такі фармат «усё яшчэ запатрабаваны», бо ў многіх беларускіх рэгіёнах газэты захоўваюць свае наклады.

«Гэта Intex-press у Баранавічах, „Информ-прогулка“ ў Лунінцы, „Рэгіянальная газета“ ў Маладэчне. Гэтыя выданьні — вядучыя пастаўшчыкі незалежнай грамадзка-палітычнай інфармацыі ў сваім рэгіёне. У часы тэлеграм-каналаў і інтэрнэт-мэдыя людзі сочаць за парадкам дня праз інтэрнэт, але большасьць мясцовых навінаў, нават у рэспубліканскай прэсе, зьяўляецца дзякуючы незалежным мясцовым выданьням», — кажа намесьнік старшыні БАЖ.

Многія рэклямадаўцы ў рэгіёнах хочуць разьмяшчаць абвесткі менавіта ў друкаванай прэсе. У цэлым жа рэклямныя прыбыткі рэгіянальных незалежных СМІ падаюць, сказаў прадстаўнік Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя мас-мэдыя» і галоўны рэдактар газэты Intex-press Уладзімер Янукевіч.

Па дадзеных на кастрычнік 2020 году, друкаваныя выданьні Асацыяцыі ў сярэднім страцілі 32% даходаў ад рэклямы ў параўнаньні з кастрычнікам 2019-га. Онлайн-рэсурсы зазналі меншыя страты — каля 23%. Пры гэтым даходы ад продажу газэтаў упалі на 10%. Сярэдні наклад адной газэты з сакавіка па кастрычнік 2020-га зьменшыўся з 5,35 тысячы да 4,89 тысячы.

Пры гэтым, адзначыў Янукевіч, выбары і пратэсты пасьля іх паказалі, што незалежныя рэгіянальныя выданьні маюць давер людзей.

«Калі пачаўся падзел грамадзтва па палітычных перавагах, мы ўбачылі калясальную патрэбу ў незалежнай інфармацыі. Гэта людзі, якія нячаста карыстаюцца інтэрнэтам, у сілу абмежаваньняў па зроку аддаюць перавагу папяровым носьбітам. Гэтая аўдыторыя захоўваецца, і зь ёй трэба працаваць», — падкрэсьліў Уладзімер Янукевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG