У паведамленьні, выкладзеным на сайце судовага органу, гаворыцца пра тое, што, «выдаўшы ўказ… ад 29 сьнежня 2020 году, прэзыдэнт Украіны выйшаў за межы сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў і парушыў прадпісаньні артыкулаў… Канстытуцыі».
Гаворка ідзе пра дакумэнт, якім украінскі лідэр адхіліў ад пасады на два месяцы кіраўніка Канстытуцыйнага суду Аляксандра Тупіцкага. Той быў западозраны ў подкупе сьведкі і даваньні наўмысна ілжывых паказаньняў. У кастрычніку ў дачыненьні да яго пачалі дасудовае расьсьледаваньне аб дзяржаўнай здрадзе і незаконным адчужэньні зямлі ў анэксаваным Крыме.
Працэс у дачыненьні да судзьдзі быў ініцыяваны на фоне канстытуцыйнага крызісу, які адбыўся з прычыны канфлікту паміж кіраўніком дзяржавы і Канстытуцыйным судом. Апошні заблякаваў закон аб электронным дэкляраваньні даходаў чыноўнікаў і пазбавіў Нацыянальнае агенцтва для прадухіленьня карупцыі шэрагу найважнейшых паўнамоцтваў. Зяленскі выступіў супраць гэтых рашэньняў.