Google прызнаў створаны беларусамі сэрвіс для сну найлепшай мабільнай праграмай году
Мабільная плятформа Google Play штогод вызначае найлепшыя прадукты ў шэрагу намінацый. «Найлепшая мабільная праграма» (Best App) — ці ня самая прэстыжная зь іх.
Сама каманда называе Loóna гідам, які «адпраўляе вас у начное падарожжа». Карыстальнік выбірае сцэну, адпаведную свайму настрою, а затым «размалёўвае чароўныя лякацыі» — і расслабляецца. Loóna ўяўляе сабою камбінацыю візуальнага шэрагу, гукавой атмасфэры, узаемадзеяньня з карыстальнікам і гісторыі. Усё разам дапамагае стварыць умовы для сну. Рэйтынг праграмы ў Google Play — 4,4, у App Store — 4,9.
Сэрвіс для сну Loóna зьявіўся ў жніўні мінулага году. Яго распрацавалі беларускія праграмісты — ІТ-прадпрымальнікі Андрэй Янчурэвіч, Дзьмітры Дорын, Сяргей Ганчар і Яўген Неўгень. Яны вядомыя як стваральнікі пасьпяховага сэрвісу фота- і відэафільтраў для сэлфі MSQRD, купленага ў 2016 годзе Facebook’ам.
У Белавескую пушчу вярнуўся буры мядзьведзь
Відэаролік з жыцьця надзвычайнай беларускай жывёліны зьявіўся на канале WildBelarus.com. Адмыслоўцы паведамляюць, што апошні мядзьведзь у Белавескай пушчы быў забіты ў 1879 годзе. Усе спробы вярнуць яго дагэтуль былі марнымі.
Дзікія мядзьведзі жывуць у Налібоцкай пушчы.
Шэнген патаньнеў да 35 эўра
Толькі не палічыце за зьдзек, бо гэтай навіны чакалі доўга, а дачакаліся якраз у год закрытых межаў, локдаўнаў і палітычнага крызісу ў Беларусі.
Тым ня менш з 1 ліпеня беларусы могуць плаціць за шэнгенскую візу не 80 эўра, а 35. Ад гэтай даты набыла моц дамова аб рэадмісіі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
Згодна з пагадненьнем Беларусь абавязваецца прымаць на сваю тэрыторыю грамадзян, якія парушылі ўмовы ўезду на тэрыторыю ЭЗ або ўмовы знаходжаньня ў ЭЗ. Пагадненьне датычыць як асобаў, якія маюць дазвол на пражываньне ў ЭЗ або дзейную візу, выдадзеную Беларусьсю, так і тых, хто незаконна трапіў на тэрыторыю ЭЗ пасьля знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі або транзыту празь яе.
Андрэй Горват зь сябрамі выкупіў палац свайго жыцьця
За драматычнай гісторыяй любові Андрэя Горвата і палаца ў Нароўлі ў фэйсбуку пісьменьніка сачыла ўся Беларусь.
14 гадоў таму Андрэй Горват убачыў палац Горватаў у Нароўлі і кажа, што палюбіў яго, як блізкага чалавека. Пры канцы 2020-га ягоная мара збылася — да Андрэя Горвата далучыўся бізнэсовец, стваральнік культурнай прасторы ў мазырскім кляштары «Даліна анёлаў» Аляксандар Баранаў і галоўны рэдактар незалежнага мэдыя ў Гомлі «Сильные новости» Пётар Кузьняцоў.
Амаль за 54 тысячы беларускіх рублёў палац перайшоў у кіраваньне сяброў, і цяпер дапамагчы ў яго аднаўленьні можа кожны.
А гісторыя ўзьяднаньня пісьменьніка з аб’ектам любові ўжо апісваецца ім у пастах і, хто ведае, можа, стане наступнай кнігай.
Лідзкі шакаляд назвалі найлепшым у сьвеце
Хто б падумаў, што Беларусь стане краінай шакаляду! Але сям’і бізнэсоўцаў Алены Ціхановіч і Вадзіма Бачарова зь Ліды ўдалося і гэтак праславіць радзіму.
У лістападзе ў Флярэнцыі праходзіў міжнародны конкурс The International Chocolate Awards. Там лідзкі шакаляд, які год высьпяваў у бочцы з-пад віскі, атрымаў залаты мэдаль і адмысловы прыз ад журы.
Лічыцца, што гэта адна з самых прэстыжных узнагарод у сьвеце ў галіне вырабу шакаляду. І тут беларусы першыя.
Другая кніга пра Гары Потэра выйшла па-беларуску
І ўсё дзякуючы перакладчыцы Алене Пятровіч і выдавецтву «Янушкевіч». І хто, як ня гэты сьмелы і шчыры герой, можа падтрымаць беларусаў у змаганьні са злом?
Пра тое, як Алена перакладае культавыя кнігі Джоан К.Роўлінг, можна было пачытаць на сайце Радыё Свабода . Абедзьве кнігі ёсьць у продажы.
Беларусы сталі «людзьмі звацца»
Мы, канечне ж, спыталі нашых чытачоў на ўсіх сацыяльных сетках, якія навіны найбольш пацешылі іх сёлета. Людзі пісалі шмат асабістага — хтосьці скончыў унівэрсытэт, а ў кагосьці нарадзіліся дачка ці сын. Але найбольш сёлета беларусаў цешыла еднасьць і салідарнасьць. Прыкладна вось так.