На сваім сайце палітык паведаміла, што правяла сустрэчу з міністаркай замежных справаў Аранчей Гансалес Лайей і былым генэральным сакратаром NATO Гаўерам Саланам, а таксама мела тэлефонную гутарку з прэм’ер-міністрам Гішпаніі Пэдра Санчесам, які знаходзіцца на самаізаляцыі.
На сустрэчы з кіраўніцай гішпанскага МЗС Ціханоўская гаварыла аб падтрымцы жаночага руху, увядзеньні санкцый супраць сілавікоў і фальсыфікатараў выбараў. Абмяркоўвалася пашырэньне санкцыяў у дачыненьні да Лукашэнкі і зьвязаных зь ім кампаній.
Ціханоўская прапанавала гішпанскаму ўраду арганізаваць канфэрэнцыю з удзелам прыватнага бізнэсу Гішпаніі, каб падрыхтаваць інвэстыцыйную прапанову для беларускіх кампаній. Гэта можа стаць часткай агульнаэўрапейскага пляну для Беларусі.
Гішпанія плянуе аказаць дапамогу рэпрэсаваным спартоўцам, а таксама студэнтам — напрыклад, стыпэндыямі, якія дазволяць працягваць вучобу дыстанцыйна, знаходзячыся ў Беларусі. Гішпанія разгледзіць магчымасьць прыняцьця на лячэньне параненых мірных пратэстуючых.
Прэмʼер-міністар і міністарка замежных спраў заявілі, што Гішпанія выказвае поўную салідарнасьць з беларускім народам, з тымі, хто выходзіць на вуліцы і змагаецца за свабодныя выбары. «Гішпанія падзяляе рашэньне Эўразьвязу аб падтрымцы дэмакратычных памкненьняў беларускага народу і заклікае да ўсебаковага агульнанацыянальнага дыялёгу», — сказала кіраўніца гішпанскага МЗС.
«Гішпанцы добра разумеюць, які значны пэрыяд мы перажываем і за што змагаемся зараз, таму што не так даўно самі змагаліся з дыктатурай Франка», — сказала Ціханоўская.