Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўраопт» хацеў большай прысутнасьці на рынку, але дэпутаты не ўхвалілі. Разьбіраемся, што гэта за бізнэс


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных вынес прапанову, каб павялічыць магчымую долю на рынку для «Эўраопта» да 25%. Дэпутаты гэта не ўхвалілі.

«Эўраопт» — самы буйны гулец на рынку рытэйлу ў Беларусі. Па законе прысутнасьць на рынку ня можа быць большая за 20%, але нядаўна гэтую норму паспрабавалі зьмяніць: пашырыць парогавую долю гандлёвай сеткі ў рэгіёнах да 25%, адмыслова для «Эўраопта».

Такую прапанову на абмеркаваньне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў вынес Андрэй Савіных 16 сьнежня. Супраць адразу ж выказаўся Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, яны ж накіравалі звароты да дэпутатаў. Прапанову Савіных у выніку не падтрымалі.

Цяпер «Эўраопт» займае каля 19% рынку розьнічнага гандлю ў Беларусі. Глядзім, што гэта за бізнэс.

Уладальнікі — на Кіпры і Віргінскіх астравах

«Эўраопт» зьявіўся ў 1993 годзе як дробнааптовая прадуктовая кампанія. У 1997-м адкрылася першая крама. Кампанія EUROTORG HOLDING PLC зарэгістраваная на Кіпры. Дырэктары — Anatolie Friptu, Андрэй Зубкоў, Сяргей Літвін, Уладзімер Васілько.

У якасьці сакратара EUROTORG HOLDING PLC пазначана іншая кампанія — Amerito Limited, якая фігуруе ў так званым «Панамскім сьпісе» — пераліку афшорных кампаній, якім аказвала юрыдычныя паслугі панамская фірма Mossack Fonseca. Сама па сабе рэгістрацыя кампаніі ў афшорах — не парушэньне, гэты факт ня значыць, што кампанія адмывае грошы ці сыходзіць ад падаткаў. Але некаторыя афшорныя кампаніі робяць менавіта так. Amerito Limited, паводле «панамскага сьпісу», зьвязаная з кампаніяй Devesta limited, якая, у сваю чаргу, зьвязаная зь бізнэсам у Арабскіх Эміратах.

Паводле фінансавай справаздачнасьці на 2018 год, 49,75% адсоткаў «Эўрагандлю» належыць кампаніі Litinvest Limited (Кіпр), яшчэ столькі ж — Denison Finance Corp (Віргінскія астравы, Вялікая Брытанія), яшчэ 0,50% належаць кампаніі Storass Limited (Кіпр).

Сакратаром Litinvest Limited пазначана іншая кіпрская кампанія — Vimatex Limited. Гэтая апошняя таксама фігуруе ў «Панамскім сьпісе». Паводле журналістаў-расьсьледвальнікаў, Vimatex Limited мае сувязі з арабскімі кампаніямі.

Асноўныя ўладальнікі «Эўрагандлю» — Сяргей Літвін і Ўладзімер Васілько. Ні таго, ні другога ў «панамскім сьпісе» няма, але там ёсьць Ларыса Васілько з афшорам Victoria Prime Properties Ltd. Гэта поўная цёзка старшыні назіральнай рады «Эўрагандальінвэстбанку», цяпер ён называецца «Статусбанк». Па дадзеных на 2018 год, большасьць актываў банку належаць «Эўрагандлю».

Перасьлед уладальнікаў

У 2003 годзе Сяргея Літвіна і Ўладзімера Васілько ледзь не затрымалі. Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК прыйшоў да высновы, што бізнэсмэны маюць дачыненьне да стварэньня злачыннай арганізацыі, іх падазравалі таксама ў нясплаце мытных плацяжоў, кантрабандзе. На момант, калі такія падазрэньні зьявіліся, абодва знаходзіліся ў Варшаве. Польскія праваахоўнікі вырашылі, што доказаў віны бізнэсмэнаў няма, і Беларусі іх ня выдалі.

Хуткі рост

Нягледзячы на перасьлед уладальнікаў на пачатку нулявых, «Эўрагандаль» рос небывалымі тэмпамі. Ужо ў 2010 годзе крамы сеткі прысутнічалі ва ўсіх абласьцях Беларусі. Праз два гады «Эўрагандаль» пазычае грошы ў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, крамаў становіцца 100 па ўсёй краіне.

У 2014 годзе пачынае працаваць першы онлайн-сэрвіс дастаўкі, у 2015 годзе крамаў у сеткі ўжо 430. У 2017 годзе «Эўрагандаль» разьмяшчае на Ірляндзкай фондавай біржы фінансавыя аблігацыі на 350 мільёнаў даляраў.

У 2019 годзе кампанія бярэ крэдыты ў расейскіх банкаў і разьмяшчае там аблігацыі. У 2020 годзе «Эўрагандаль» займае больш за 19% рынку рытэйлу ў Беларусі. Апроч крамаў «Эўраопт», кампанія валодае гіпэрмаркетамі «Хіт», «Грошык», «Е-сіці», буйным сэрвісам дастаўкі e-dostavka.by.

За першае паўгодзьдзе 2018 году кампанія зарабіла 39,1 мільёна рублёў чыстага прыбытку. Мяркуючы па інфармацыі з сайта кампаніі, сёлета «Эўрагандаль» двойчы разьмяшчаў аблігацыі — сьпярша на 5 мільярдаў расейскіх рублёў у Расеі, а пасьля эўрааблігацыі на 300 мільёнаў даляраў.

На канец 2019 году ў кампаніі працавалі 37,6 тысячы чалавек.

У чым сакрэт росту

Пры такой эканамічнай мадэлі, як у «Эўраопта», патрэбнае хуткае разьвіцьцё са старту. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

«У такой бізнэс-мадэлі няма нічога звышновага. Новыя тэхналёгіі дазваляюць забясьпечваць новы ўзровень сэрвісу, людзі эканомяць ня толькі грошы, але і час.

Сэрвіс дастаўкі якраз гэтым пасьпяховы. Праблема такога бізнэсу на пачатку — як знайсьці рэсурсы, каб стаць буйным гульцом, каб нарасьціць аб’ёмы. У такім бізнэсе важны эфэкт маштабу, каб можна было закупляць вялікія аб’ёмы прадукцыі на склад. На першым этапе важныя вялікія ўкладаньні ў рост», — кажа Леў Львоўскі.

Сувязі зь дзяржавай

Беспасярэдніх сувязяў самага буйнога рытэйлу зь дзяржавай не прасочваецца. Пры гэтым «Эўраопт» рэгулярна трансьлюе сваю гульню «Удача в придачу» на дзяржаўных каналах, дзяржаўныя СМІ публікуюць рэкляму рытэйлера пад выглядам звычайных навінаў. Кампанія аказвае фінансавую падтрымку спартовым мерапрыемствам у Беларусі: Менскі паўмаратон, Эўрапейскія гульні, спартовыя сэкцыі. З 2015 па 2018 год «Эўраопт» аказаў дапамогу спорту на 14 мільёнаў даляраў.

У 2019 годзе «Эўрагандаль» спрачаўся зь Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня наконт указу «Аб супрацьдзеяньні манапалізацыі ў галіне гандлю», і спрэчка скончылася не на карысьць кампаніі. Указ ухвалілі і прынялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG