Рашэньне апублікаванае сёньня ў афіцыйным часопісе ЭЗ і з гэтага моманту ўступае ў сілу.
Глядзім, што за кампаніі і асобы ў яго трапілі.
Кампаніі
140-ы рамонтны завод — дзяржаўны завод вайскова-прамысловага блёку, спэцыялізуецца на рамонце і мадэрнізацыі бранятанкавай тэхнікі і ўзбраеньня. На гэтым прадпрыемстве робяць панцырныя машыны «Кайман».
«Агат», электрамэханічны завод — дзяржаўнае прадпрыемства вайсковага комплексу, якое працуе на патрэбу Міністэрства абароны і іншых сілавых структураў. На заводзе робяць мабільныя аўтаматызаваныя сыстэмы вайсковага кіраваньня, мабільныя вузлы сувязі, радыёрэлейныя станцыі. Тут жа робяць кодабы для бронемашын, комплексы кіраваньня агнём артылерыі, машыны для выведкі.
Dana Holdings — адзін з буйных забудоўнікаў у Менску: жылых комплексаў «Маяк Менску», «Менск Сьвет», «Парк Чалюскінцаў», бізнэс-цэнтру на Кастрычніцкай плошчы. Міжнародная кампанія, якая ўваходзіць у BK Group. Ля стырна кампаніі стаяць сэрбскія браты Карычы.
«Сінезіс» — ІТ-кампанія, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгіяў, мае офісы ў Менску і Маскве. Кампанія — аўтар і распрацоўнік сыстэмы распазнаваньня твараў Kipod, якая працуе ў Менску. Кіраўніцтва кампаніі зьняпраўджвала выкарыстаньне сыстэмы сілавікамі для распазнаваньня твараў пратэстоўцаў.
Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта — дзяржаўная арганізацыя, якой падначалены яшчэ каля 100 розных структураў: ад нацыянальных паркаў «Белавеская пушча», «Браслаўскія азёры» да дзіцячых аздараўляльных летнікаў і крамаў канфіскату.
МЗКЦ — завод вытворчасьці колавых цягачоў, у тым ліку цягачоў для кранаў і для нафтагазавай галіны. Менавіта на гэтым заводзе ў жніўні рабочыя крычалі Лукашэнку «Сыходзь!», пасьля чаго многія рабочыя сышлі самі, бо зь імі не працягнулі кантракт.
«Белтэхэкспарт» — буйны пастаўнік зброі і вайсковай прадукцыі, супрацоўнічае больш як з 10 краінамі. Пастаўляе бесьпілётнікі, танкі, комплексы радыёлякацыйнай барацьбы ды іншую тэхніку.
Асобы
У санкцыйны сьпіс ЭЗ на гэты раз трапілі:
Анатоль Сівак — намесьнік прэм’ер-міністра
Іван Эйсмант — кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі
Натальля Качанава — старшыня Савету Рэспублікі
Уладзімер Каранік — старшыня Горадзенскага аблвыканкаму, былы міністар аховы здароўя
Андрэй Швед — генэральны пракурор
Ігар Луцкі — міністар інфармацыі Беларусі
Генадзь Богдан — намесьнік кіраўніка справаў прэзыдэнта
Віталь Стасюкевіч — намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Горадні
Дзьмітры Кур’ян — намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
Аляксандар Турчын — старшыня Менскага аблвыканкаму,
Ігар Каліньнік — начальнік Савецкага РУУС Менску
Віктар Станіслаўчык — намесьнік начальніка Савецкага РУУС Менску
Алег Каразей — начальнік упраўленьня прафіляктыкі МУС
Вікторыя Шабуня — судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску
Аляксандар Петраш — судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску
Вадзім Прыгара — кіраўнік Маладачанскага РАУС
Арцём Дунько — старшы інспэктар дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК
Ігар Бурмістраў — першы намесьнік камандзіра ўнутраных войскаў
Павал Лёгкі — экс-намесьнік міністра інфармацыі, цяпер радца-пасланьнік амбасады Беларусі ў Расеі
Дзьмітры Шумілін — намесьнік начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў ГУУС Менгарвыканкаму
Андрэй Лагуновіч — судзьдзя суду Савецкага раёну Менску
Мікалай Варабей — бізнэсмэн, валодае кампаніямі «Інтэрсэрвіс», «Нафтабітумны завод», рэалізуе праекты ў галіне гуртавога гандлю нафтапрадуктамі, яго зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам
Аляксандар Шакуцін — бізнэсмэн, старшыня рады дырэктараў кампаніі «Амкадор», рэалізуе праекты ў галіне гуртавога гандлю нафтапрадуктамі, мае інтарэсы ў будаўнічым бізнэсе, яго зьвязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам
Алена Някрасава — судзьдзя суду Заводзкага раёну Менску
Юлія Густыр — судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску
Марына Фёдарава — судзьдзя суду Савецкага раёну Менску
Натальля Дзядкова — судзьдзя суду Партызанскага раёну Менску
Алена Жывіца — судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Менску
Алена Літвіна — судзьдзя суду Ленінскага раёну Магілёва.
Нагадаем хроніку сёлетніх санкцыйных рашэньняў Эўразьвязу што да Беларусі.
- 2 кастрычніка Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх чыноўнікаў — кіраўнікоў і старшых афіцэраў МУС, КДБ, чальцоў ЦВК, былога генэральнага пракурора.
- 6 лістапада сьпіс пашыраны, у яго дадалі яшчэ 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў, а таксама кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, старшыню КДБ, старшыню Сьледчага камітэту, прэс-сакратарку Лукашэнкі, старшыню Канстытуцыйнага суду і іншых асобаў з найвышэйшага кіраўніцтва.
- 19 лістапада міністры замежных справаў ЭЗ дамовіліся аб трэцім пакеце эўрапейскіх санкцыяў супраць уладаў Беларусі.
- 19 лістапада кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што Лукашэнка больш не атрымае ад Эўразьвязу ніводнага эўра.
- Таксама 19 лістапада стала вядома, што Эўразьвяз зьбіраецца блякаваць перамовы Беларусі з МВФ аб крэдытах і аб уступленьні ў СГА.
- Пазьней да санкцыяў ЭЗ далучыліся яшчэ 8 краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз: Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна, Чарнагорыя і Швайцарыя.