Кляўдыё Гуджэроцьці прыбыў у Менск у якасьці пасланьніка Папы Рымскага Францішка і сёньня сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў тэлеграм-канал «Пул первого».
Арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці прадстаўляў Апостальскі Пасад у Беларусі зь ліпеня 2011 да лістапада 2015 году.
У 2017 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў Гуджэроцьці ордэнам Францішка Скарыны «за значны асабісты ўклад у разьвіцьцё культурнай спадчыны паміж Беларусьсю і Ватыканам».
У канцы жніўня Аляксандар Лукашэнка параіў прадстаўнікам розных канфэсіяў ня ўмешвацца ў пытаньні палітыкі, заявіўшы, што «дзяржава абыякава на гэта глядзець ня будзе».
Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў кіраўнік Беларускага каталіцкага касьцёлу мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт, а чыноўнікаў — пачаць канструктыўны дыялёг з грамадзтвам і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях.
31 жніўня памежнікі не прапусьцілі мітрапаліта Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычын. Пасьля было заяўлена, што МУС прызнала ягоны пашпарт несапраўдным, вядзецца праверка на наяўнасьць замежнага грамадзянства.
Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Тадэвуша Кандрусевіча ў тым, што той нібыта выяжджаў у Польшчу «для кансультацыяў».
Цяпер мітрапаліт Менска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі Сьвятога Антонія ў Саколцы на мяжы зь Беларусьсю.
Тадэвуш Кандрусевіч падаў заяву пра адстаўку праз узрост. Ці прымаць яе, вырашыць Папа Рымскі.