Пра вяртаньне белавескага бурага мядзьведзя ў Пушчу напісаў у фэйсбуку эколяг Віктар Фянчук.
«Адна з найбольш знакавых падзеяў ХХІ ст. для Белавескай пушчы — вяртаньне мядзьведзя. Апошні дзікі белавескі буры мядзьведь быў забіты ў Белавескай пушчы ў 1879 годзе. У 1937-м была спроба яго рэінтрадукцыі», — напісаў Фянчук.
Гэтая рэінтрадукцыя мядзьведзя лічыцца першай у сьвеце спробай вярнуць у экасыстэму буйнога драпежніка для прыродаахоўных мэтаў. Да ідэі вяртаньня мядзьведзя на беларускі бок Белавескай пушчы вярнуліся ў 2012 годзе. Тады заолягі распрацавалі прыродахоўную праграму, аднак ідэю не ўдалося ўвасобіць.
З часу свайго зьнікненьня мядзьведзі пэрыядычна заходзілі ў Пушчу, але не затрымліваліся там. Прычынай быў, акрамя іншага, і браканьерскі перасьлед. Папярэдняя рэгістрацыя віду ў Белавескай пушчы, паводле інфармацыі Фенчука, адбылася ў 2003 годзе ў ваколіцах балота Дзікае.
«Мядзьведзь зь відэа Аляксандра Пекача — самец узростам каля 3 год — трымаецца ў Пушчы ўжо больш за год. І пакуль выглядае, што дагэтуль застаецца адзіным мядзьведзем у Пушчы. Але ёсьць надзея. Бліжэйшая ўстойлівая групоўка мядзьведзя знаходзіцца за 170 кілямэтраў — у Налібацкай пушчы. А гэта цалкам дасяжная адлегласьць», — лічыць эколяг.