Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка больш не зьяўляецца для ўкраінцаў ідэалам кіраўніка дзяржавы


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі на форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры, 2019 год
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі на форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры, 2019 год

Аляксандар Лукашэнка страціў шматгадовае лідэрства ў даверы грамадзян Украіны, але пакуль застаецца ў «пяцёрцы» ідэалаў у кіраваньні дзяржавай.

«Лідэркай сымпатый стала канцлэрка Нямеччыны Ангела Мэркель. Амаль 60 адсоткаў апытаных адзначылі, што цалкам давяраюць кіраўніцы ўраду Нямеччыны. Антылідэрам, ці аўтсайдэрам, гэтага рэйтынгу прагназавана стаў Уладзімір Пуцін — яму не давяраюць больш як 70 украінцаў», — паведаміў першы намесьнік дырэктара цэнтру «Нова Європа» Сяргей Салодкі, прэзэнтуючы 16 сьнежня ў Кіеве вынікі сацыялягічнага апытаньня пра чаканьні ўкраінскага грамадзтва ад зьнешняй палітыкі Ўкраіны.

Другое месца ў рэйтынгу сымпатый украніцаў заняў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (давяраюць 48,37 % апытаных і не давяраюць — 22,05 %), а трэцяе — прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (42,43 % і 33,46 % адпаведна).

У Аляксандра Лукашэнкі — чацьвёрты рэйтынг з 37,8 % даверу і 48,28% недаверу.


Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітры Кулеба, камэнтуючы вынікі апытаньня, сказаў, што вітае такія зьмены ў грамадзкай думцы.

«Я рады, што мадэльлю лідэрства для ўкраінцаў стала канцлэрка Нямеччыны Ангела Мэркель, а не прэзыдэнт Беларусі. Наколькі я памятаю, ён раней быў вельмі папулярым ва Ўкраіне. Гэта дэманструе, наколькі да радыкальных і ашаламляльных зьменаў гатова сьвядомасьць простага ўкраінца, калі ён так хутка зьмяняе свае сымпатыі. Гэта цешыць і сьведчыць, што эўрапейская інтэграцыя ўжо на іншым глыбінным узроўні», — сказаў Дзьмітры Кулеба.

«Ангела Мэркель спраўды паказала сябе сапраўдным лідэрам ва ўмовах пандэміі, і ўкраінцы, відавочна, рашуча схіліліся ў ейны бок», — дадаў міністар замежных справаў Украіны.

Апошнія некалькі гадоў Аляксандар Лукашэнка быў першым у рэйтынгу сымпатый украінцаў да замежных палітыкаў, але летась упершыню перамясьціўся на другое месца, саступіўшы лідэрства канцлэрцы Нямеччыны Ангеле Мэркель.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG