«Візыту на гэтым тыднi не адбудзецца», — паведаміў «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на Дзяржатамнагляд МНС Беларусі.
Плянавалася, што госьці будуць інспэктаваць АЭС у Астраўцы 16–18 сьнежня. Зрэшты, афіцыйнага апавяшчэньня пра адмену візыту беларускаму боку яшчэ не даслалі.
У Дзяржатамнаглядзе пацьвердзілі «прыхільнасьць абавязаньням па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС».
Экспэрты Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай групы органаў у рэгуляваньні галіны ядзернай бясьпекі (ENSREG) плянавалі з 16 па 18 сьнежня наведаць пляцоўку будаўніцтва БелАЭС у рамках партнэрскага агляду нацыянальнага пляну дзеяньняў па выніках стрэс-тэстаў 2018 году. Тады не было выяўлена неадпаведнасьцяў патрабаваньням беларускіх нормаў, заснаваных на стандартах бясьпекі МАГАТЭ.
Два гады таму экспэрты зрабілі шэраг рэкамэндацый адносна павышэньня бясьпекі. Па выніках правядзеньня стрэс-тэстаў БелАЭС у 2019 годзе падрыхтавалі «Нацыянальны плян дзеяньняў».
Беларусь завяршае будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец ў Горадзенскай вобласьці па расейскім праекце «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчык будаўніцтва АЭС — група ASE.
Фізычны пуск першага энэргаблёку станцыі адбыўся 20 жніўня, яго ўвод у эксплюатацыю заплянаваны на першы квартал 2021 года. Другога блёку — у 2022 годзе.