Армянскаму боку былі перададзеныя 44 палонныя, азэрбайджанскаму — 12 палонных. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што абмен адбываецца пры пасярэдніцтве расейскіх міратворцаў. Раней у панядзелак армянскі і азэрбайджанскі бакі перадалі адзін аднаму целы загінулых, якія знаходзіліся на полі бою за горад Шуша.
У пачатку сьнежня ў Нагорным Карабаху ўпершыню з моманту падпісаньня пагадненьня пра мір паміж Армэніяй і Азэрбайджанам быў парушаны рэжым спыненьня агню. Армянскі бок заявіў, што азэрбайджанскія вайскоўцы пачалі наступальныя дзеяньні на поўдні Карабаху.
9 лістапада прэзыдэнты Азэрбайджану і Расеі і прэм’ер-міністар Армэніі падпісалі сумесную заяву аб поўным спыненьні ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху. Азэрбайджанскі і армянскі бакі спыніліся на занятых пазыцыях, у рэгіёне разьмясьціліся расейскія міратворцы. Азэрбайджану павінны быць вернутыя ўсе раёны на пэрымэтры Нагорнага Карабаху.