Як паведаміла прэс-службы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты, у сталіцы Нямеччыны яна сустрэлася зь ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятланай Алексіевіч.
«Яны абмеркавалі, як можна дапамагчы людзям у Беларусі. Алексіевіч паведаміла, што зьбірае матэрыялы для магчымай кнігі — гісторыі герояў гэтай рэвалюцыі», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Ціханоўская падкрэсьліла, што на кожнай сустрэчы з замежнымі палітыкамі расказвае гісторыі беларусаў і кожную зь іх перажывае як асабістую. Алексіевіч прызналася, што была пад уражаньнем ад таго, як паслы розных краін праявілі салідарнасьць і падтрымалі яе ў Менску, калі была небясьпека яе затрыманьня. Алексіевіч не змагла заставацца ў краіне і адчувае віну за гэта, сказана ў паведамленьні па выніках сустрэчы.
Увечары Ціханоўская ўзяла ўдзел у мітынгу беларускай дыяспары. Каля 300 чалавек са сьцягамі сабраліся каля Бэрлінскай канцэртнай залі, на якой была мастацкая інсталяцыя.
«Кожны беларус, незалежна ад таго, дома ён або за мяжой, — цяпер герой. Цяпер вельмі важна падтрымліваць адзін аднаго і мець зносіны з эўрапейскімі палітыкамі, каб яны дапамагалі беларусам», — заявіла Ціханоўская прысутным.
Пасьля гэтага яна выступіла ў Бэрлінскім катэдральным саборы ў часе малітвы за мір у Беларусі.
14 сьнежня Ціханоўская сустрэнецца з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і іншымі буйнымі нямецкімі палітыкамі.