Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь закрывае межы на выезд. Як змагаюцца з пандэміяй іншыя?


Пункт пропуску на літоўскай мяжы
Пункт пропуску на літоўскай мяжы

З 21 сьнежня ўрад Беларусі вырашыў закрыць наземныя межы на выезд, можна толькі вылецець самалётам. Гэтую меру тлумачаць барацьбой з каранавірусам. Разьбіраемся, чым гэта дапаможа.

Як Беларусь змагаецца з эпідэміяй

У лістападзе паступова ў рэгіёнах пачалі ўводзіць абавязковае нашэньне масак, цяпер так ува ўсёй краіне. Пры гэтым штрафаў за ненашэньне няма, хіба могуць адмовіцца абслугоўваць у краме ці кавярні. Іншых абмежаваньняў няма таксама.

З 20 сьнежня пастановай ураду забаронены выезд беларусаў праз наземную мяжу. Абмежаваньне ня тычыцца кіроўцаў фураў, дыпляматаў. Таксама дазволена будзе выяжджаць беларусам:

  • з паведамленьнем пра цяжкую хваробу ці сьмерць блізкага сваяка, мужа (жонкі);
  • якія маюць від на жыхарства ці іншы сапраўдны дакумэнт, які пацьвярджае права пастаянна жыць у замежнай дзяржаве, — да месца пастаяннага жыхарства;
  • для мэдычнай дапамогі пры паказе дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць мэту паездкі;
  • якія працуюць на тэрыторыі замежнай дзяржавы, — пры паказе пацьвярджальных дакумэнтаў;
  • для вучобы ў замежных адукацыйных арганізацыях — пры паказе дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць вучобу там, або дакумэнтаў установы адукацыі Рэспублікі Беларусі аб накіраваньні на вучобу.

Выезд са згаданых прычынаў дазволяць не часьцей за адзін раз на шэсьць месяцаў.

Іншаземцы могуць прыяжджаць у Беларусь, калі маюць адмоўны PCR-тэст на каранавірус, зроблены не пазьней чым за тры дні да прыезду.

А як іншыя краіны змагаюцца з пандэміяй

У Літве, апроч абавязковага нашэньня масак, у краму рэкамэндавана хадзіць толькі аднаму зь сямейнікаў. Паводле нарматываў, у гандлёвых цэнтрах да 10 000 квадратных мэтраў на пакупніка мусіць прыпадаць 15 квадратных мэтраў; калі гандлёвы цэнтар большы — 20 квадратных мэтраў.

Людзям не рэкамэндуюць пакідаць жыльлё безь неабходнасьці, забароненыя сьвяты ў публічных і прыватных прасторах, калі ў іх удзельнічаюць больш за 2 сямʼі.

Дзяржаўныя ведамствы працуюць дыстанцыйна, на дыстанцыйнае навучаньне пераходзяць школы, ім рэкамэндавана пайсьці на вакацыі раней — з 14 сьнежня. Грамадзяне Літвы могуць выяжджаць зь Літвы і перамяшчацца па Эўропе адпаведна правілам, уведзенымі краінамі, якія прымаюць.

У Польшчы маскі абавязковыя ў грамадзкіх месцах, школы перавялі на дыстанцыйнае навучаньне. Забаранілі масавыя сьвяты і абрады, усе канцэрты і імпрэзы толькі онлайн.

У сустрэчах і падзеях дома могуць удзельнічаць ня больш за 5 чалавек. Грамадзяне Польшчы могуць перамяшчацца ўнутры ЭЗ. Па прыбыцьці ў Польшчу неабходная ізаляцыя на 10 дзён для неграмадзян ЭЗ.

У Латвіі маскі абавязковыя ўсюды, апроч дому. Ёсьць сьпіс краін, пасьля наведваньня якіх абавязковая самаізаляцыя на 10 дзён. Людзі, якія не жывуць разам, могуць зьбірацца толькі па двое, адлегласьць паміж імі мусіць быць 2 мэтры.

У выходныя ў Латвіі працуюць толькі крамы першай патрэбы, у іншыя дні гандлёвыя цэнтры мусяць запаўняцца толькі на 20%. Навучэнцы сярэдняй і старэйшай школы вучацца дыстанцыйна. Тое ж тычыцца вышэйшай і прафэсійнай адукацыі. Абмежаваньняў на выезд з Латвіі няма, але ёсьць краіны, у якія езьдзіць не рэкамэндуюць.

Ва Ўкраіне абавязковыя маскі, кавярні і рэстарацыі працуюць да 22:00, таксама ўведзены «карантын выходнага дня». Гэта значыць, што ў выходныя працуюць толькі прадуктовыя крамы і запраўкі, але распараджэньне выконваецца не ўва ўсіх рэгіёнах.

Ва Ўкраіну могуць заяжджаць іншаземцы, калі маюць поліс, які пакрывае выдаткі на лячэньне каранавірусу. Ёсьць патрабаваньні аб самаізаляцыі, калі чалавек вярнуўся з краіны з высокім узроўнем захворваньня. Абмежаваньняў на выезд украінцаў з Украіны няма.

У Расеі абавязковыя маскі, праца месцаў грамадзкага харчаваньня абмежаваная: яны працуюць з 8 раніцы да 23 гадзін вечара. Ёсьць свае абмежаваньні ў розных рэгіёнах: у Маскве, напрыклад, 50% работнікаў мусяць працаваць дыстанцыйна, у пэўных рэгіёнах установы адукацыі пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне, таксама ўводзяць ізаляцыю для старых людзей. Выяжджаць з краіны можна толькі праз паветраную мяжу. Выезд па зямлі абмежаваны, але ў чэрвені яго паслабілі: стала магчыма выехаць, калі трэба даглядаць хворых сваякоў за мяжой ці на лячэньне.

Чаму забарона на выезд нелягічная

Забарону на выезд урад тлумачыць эпідэміяй каранавірусу, але цяпер захворваньне распаўсюджваецца ўнутры краіны. Калі яшчэ ў сакавіку было шмат завезеных выпадкаў, Беларусь межы на ўезд не закрывала, адрозна ад іншых краін.

«Цяпер унутры краіны хворых столькі, што асноўная частка распаўсюджаньня — гэта не завезеныя выпадкі, гэта цыркуляцыя вірусу ўнутры краіны. Калі мы ня будзем ні ўпускаць, ні выпускаць нікога — гэта ні на што моцна не паўплывае, бо ўнутры краіны шмат людзей маюць вірус і перадаюць адно аднаму», — лічыць доктар Зьміцер Салошкін.

10 сьнежня ў Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак Мінстэрства аховы здароўя, зафіксавалі 1939 новых выпадкаў каранавірусу. Гэта чарговы антырэкорд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG