У Менску затрымалі 79-гадовую жанчыну
Ларыса Сямёнаўна Соўсь знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС Менску. Гэта маці журналісткі Радыё Свабода Ганны Соўсь.
Маршы Волі 6 сьнежня. Асноўнае на гэты час
- З самай раніцы ў Менск выехала спэцтэхніка і сілавікі
- Мабільны інтэрнэт сёньня не блякавалі, затое з 11-ай гадзіны ў розных гарадах Беларусі пачаліся праблемы з доступам у Тэлеграм
- Спачатку ў Менску зачынілі цэнтральныя станцыі мэтро і ачапілі Стэлу і Кастрычніцкую плошчу, але хутка ачапленьне зьнялі, а мэтро запрацавала
- У многіх раёнах Менску людзі выйшлі на маршы двароў. Сілавікі, якія з раніцы дзяжурылі ў розных раёнах, пачалі разганяць і затрымліваць пратэстоўцаў і нават звычайных мінакоў. Сярод затрыманых 79-гадовая Ларыса Соўсь.
- Акцыі пратэсту праходзяць і ў іншых гарадах Беларусі. У Горадні затрымалі двух журналістаў БелаПАН: Марысю Харэвіч і Сяргея Людкевіча
Шэсьці ў Менску працягваюцца насуперак затрыманьням
Берасьце. Актывіста затрымалі на пахаваньні
На пахаваньні актыўнага ўдзельніка маршаў пратэсту Рамана Рашэцкага затрымалі актывіста Віталя Казака, які вёў разьвітальную цырымонію ў двары, піша @belsat.
Менск: затрыманьні ў парку на Жудро
Сілавікі заехалі ў парк, дзе людзі гулялі зь дзецьмі, і пачалі затрымліваць хлопцаў. Бацькі пачалі сварыцца на сілавікоў за тое, што дзеці гэта бачаць.
Акцыі пратэсту праходзяць у розных гарадах Беларусі
Жодзіна выходзіць, нягледзячы на рызыкі затрыманьняў: сёньня ў розных месцах гораду праходзяць суседзкія маршы.
Таксама на акцыі сённья выйшлі жыхары Сёмкава
і Віцебску
У Менску сёньня заўважылі вадамёт
Праваабаронцы лічаць колькасьць затрыманых
У Менску затрымалі паэта і музыку Ўладзя Лянкевіча. Праваабаронцы «Вясны» пачалі зьбіраць імёны затрыманых: пакуль у сьпісе 11 прозьвішчаў, ён дапаўняецца.
Затрыманьні ў Менску працягваюцца
Як найменей трох чалавек затрымалі каля ўваходу ва ўнівэрмаг «Беларусь» (зачынены па тэхнічных прычынах). Цяпер побач ходзяць людзі ў форме і з сабакам, перадае карэспандэнт Свабоды.
«Хапуны» і аблавы працягваюца ў розных раёнах.
У Беларусі перабоі зь інтэрнэтам
Паведамляюць, што ў некаторых раёнах Менску і іншых гарадах Беларусі пачаў зьнікаць інтэрнэт — як мабільны, так і хатні.
Што адбываецца ў Гомлі
У Гомлі людзі здолелі на Савецкай утварыць калёну з 20–30 чалавек. Яны ішлі без сымболікі, але іх усё адно разагнаў АМАП. Схапілі аднаго чалавека — Сяргея Пятрова. У яго быў значок зь бел-чырвона-белым сьцягам. Таксама ў Гомлі каля цырку міліцыянты жорстка затрымалі, паваліўшы на зямлю, сталага чалавека на ровары. Прычына затрыманьня невядомая.
Калёны ў Масюкоўшчыне і Каменнай Горцы
Чалавек ратаваўся ад сілавікоў у вадзе
У Сухарава чытачка Tut.by зьняла на відэа чалавека, які стаяў у халоднай вадзе. Паводле яе слоў, ён спрабаваў уцячы ад сілавікоў. Гэта яму не ўдалося — чалавека затрымалі.
Ва Ўруччы чулі стрэлы
Чытачы паведамляюць, што ва Ўруччы чуваць стрэлы, сілавікі прымяняюць спэцсродкі. Яны езьдзяць па раёне і хапаюць тых, хто ім трапляецца.
Горадня. «Жыве Беларусь!» на Савецкай
На пешаходнай вуліцы Савецкай у цэнтры горада сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, скандавалі «Жыве Беларусь!» і разышліся.
У Менску зьявіліся сілавікі з сабакамі
Сёньня ў розных раёнах Менску заўважылі сілавікоў са службовымі сабакамі. Прэс-служба ўнутраных войскаў пракамэнтавала Onliner іх прысутнасьць Менску: «Кінолягі залучаныя ў ахову грамадзкага парадку. Гэта звычайныя задачы, і так было заўсёды. —Але для затрыманьняў сабакі ж не выкарыстоўваюцца? — Не-не, у гэтым выпадку сабака выступае як фактар стрыманьня для чалавека», — сказалі ў прэс-службе.
Паглядзіце на гэтую даўжэзную калёну ў Менску
У Савецкім РУУС затрыманых трымаюць ля сьцяны на холадзе
У Савецкім РУУС затрыманых зноў прымушаюць стаяць ля сьцяны з паднятымі ўгару рукамі, нягледзячы на мароз, паведамляе @motolkohelp.
У Менску затрымалі Ніну Багінскую
Па словах відавочцаў, Багінскую затрымалі каля Акадэміі МУС. Пазьней яе выпусьцілі з Савецкага РУУС.
Агулам у сьпісах «Вясны» ўжо 63 затрыманыя падчас сёньняшніх пратэставых акцый.
Маршы Волі 6 сьнежня. Асноўнае за апошнія гадзіны
- Нягледзячы на разгоны і затрыманьні, у розных раёнах Менску працягваюцца маршы раёнаў. Акцыі салідарнасьці і маршы праходзяць і ў іншых гарадах
- Сёньня ў розных гарадах Беларусі месцамі як мінімум на 15 хвілінаў прапаў як мабільны, так і стацыянатны інтэрнэт (А1 пракамэнтаваў)
- У розных раёнах Менску разам зь сілавікамі заўважылі кінолягаў з сабакамі (прэс-служба ўнутраных войскаў патлумачыла)
- Правабаронцы “Вясны” сабралі прозьвішчы ўжо больш за 60 затрыманых па Беларусі (у асноўным у Менску). Затрыманых у РАУС зноў ставяць да сьцяны