Джордж Кент зазначыў, што ад дня сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня ЗША натхняліся адвагай і трываласьцю беларускага народу, які імкнецца дамагчыся таго, каб яго голас быў пачуты пры вызначэньні будучыні сваёй краіны.
«Мы будзем працягваць падтрымліваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласьць Беларусі, а таксама права беларускага народу выбіраць уласны шлях, свабодны ад умяшаньня звонку. Уводзячы санкцыі супраць тых, хто парушае правы чалавека, і іншых асоб, якія імкнуцца парушыць правы беларускага народу, мы — разам з ЭЗ, Вялікабрытаніяй і Канадай — пасылаем моцны сыгнал аб тым, што звыклы стан рэчаў ня можа працягвацца, і тыя, хто ўчыняе злоўжываньні, павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Важна, каб міжнародная супольнасьць заставалася адзінай у дачыненьні да Беларусі з набліжэньнем 2021 году.
АБСЭ мае неацэннае значэньне як каардынацыйны цэнтар нашых шматбаковых намаганьняў у барацьбе зь бягучым крызісам. Гэтая арганізацыя асабліва пасуе для гэтай ролі, улічваючы яе глыбокі практычны досьвед у прасоўваньні дэмакратычных і выбарчых стандартаў, а таксама важнае чалавечае вымярэньне. Як дзяржава-ўдзельніца, Беларусь узяла на сябе дакладныя абавязаньні ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. На жаль, беларускія афіцыйныя асобы груба ігнаравалі гэтыя абавязаньні ў перадвыбарчы сэзон і пасьля яго. Гэта ня толькі падрывае нашу агульную бясьпеку, але і абражае асноўны маральны прынцып, паводле якога ўрад не павінен ні да кога ўжываць адвольныя затрыманьні, злоўжываньні і катаваньні, ня кажучы ўжо пра тысячы ўласных грамадзян.
Мы вітаем актыўны ўдзел АБСЭ ў пытаньнях, датычных Беларусі, асабліва пасьля сфальшаваных выбараў. Мы ганарымся тым, што ў верасьні мы далучыліся да 16 іншых дзяржаў-удзельніц, каб зьвярнуцца да Маскоўскага мэханізму для вырашэньня сур’ёзных праблем у сувязі з тым, што Беларусь не выконвае абавязаньні што да чалавечага вымярэньня. Мы шкадуем, што Беларусь не супрацоўнічала з працэсам Маскоўскага мэханізму. Тым ня менш прафэсар Бэнэдэк падрыхтаваў падрабязную справаздачу, што апісвае дакладную карціну няспынных злоўжываньняў і парушэньняў правоў чалавека, якія масава і беспакарана ўчыняюцца беларускімі ўладамі. Злучаныя Штаты высока ацэньваюць намаганьні прафэсара Бэнэдэка і грунтоўныя рэкамэндацыі для беларускіх улад, АБСЭ і шырэйшай міжнароднай супольнасьці.
Рэкамэндацыі ў справаздачы прафэсара Бэнэдэка даюць беларускім уладам і дзяржавам-удзельніцам АБСЭ «дарожную мапу» выхаду з гэтага крызісу. Для ўладаў Беларусі гэта павінна пачацца зь неадкладнага спыненьня гвалту над беларускім народам і вызваленьня ўсіх, хто быў несправядліва затрыманы. Шлях наперад таксама павінен уключаць у сябе адказнасьць за мінулыя і цяперашнія злоўжываньні. Павінен пачацца зьмястоўны нацыянальны дыялёг паміж беларускімі ўладамі і сапраўднымі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва. Мы шкадуем, што Беларусь не прыняла прапанову старшыні АБСЭ паспрыяць такому дыялёгу. Мы працягваем заклікаць улады Беларусі зрабіць гэта. Сапраўдны дыялёг паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі грамадзтва, асабліва Каардынацыйнай рады, застаецца неабходным наступным крокам.
Мы кожны тыдзень у Сталай радзе выказваем сваю занепакоенасьць выбарамі і шырокамаштабным парушэньнем правоў чалавека, у тым ліку калі намесьнік дзяржсакратара ЗША Стыў Бігэн і я ўзялі ўдзел у спэцыяльнай сэсіі пад старшынствам прэм’ер-міністра Альбаніі 28 жніўня. Сталая рада была каштоўным форумам для прыцягненьня ўвагі да справаў паасобных затрыманых і ахвяраў жорсткага абыходжаньня. Мы ўдзячныя старшынёўству Альбаніі за прынцыповую працу на працягу мінулага году.
Злучаныя Штаты і іншыя сусьветныя лідэры працягваюць заклікаць улады Беларусі дазволіць высланаму арцыбіскупу Кандрусевічу неадкладна вярнуцца дадому ў сваю краіну.
Як адзначылі сёньня прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, няспынныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі застаюцца сур’ёзнай пагрозай бясьпецы беларусаў. Яны таксама ўяўляюць сабою сур’ёзную пагрозу для нашай агульнай бясьпекі. Гэты крызіс ня будзе вырашаны грубай сілай. Беларускія людзі, якія працягваюць мужна і мірна настойваць на тым, каб іх голас быў пачуты і іх правы паважаліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій, далі гэта зразумець.
І мы іх пачулі. Мы будзем надалей трымацца каштоўнасьцяў і прынцыпаў АБСЭ ў наступным годзе дзеля падтрымкі беларускага народу і яго законных намаганьняў забясьпечыць сабе лепшую будучыню. Пад кіраўніцтвам старшынёўства Швэцыі АБСЭ застанецца галоўным форумам для гэтых калектыўных намаганьняў у наступным годзе».
Свой выступ Джордж Кент скончыў па-беларуску, сказаўшы «Дзякуй».