Лінкі ўнівэрсальнага доступу

42 краіны з Рады правоў чалавека ААН асудзілі перасьлед журналістаў у Беларусі


Журналісты Ўладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч пасьля 11 сутак зьняволеньня выйшлі на волю з ізалятара на вуліцы Акрэсьціна. Менск, 24 верасьня 2020 г.
Журналісты Ўладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч пасьля 11 сутак зьняволеньня выйшлі на волю з ізалятара на вуліцы Акрэсьціна. Менск, 24 верасьня 2020 г.

Рада правоў чалавека ААН на паседжаньні ў Жэнэве 4 сьнежня прыняла заяву з асуджэньнем перасьледу журналістаў і супрацоўнікаў СМІ рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

У заяве, якую ад імя 42 дзяржаваў агучыў Джуліян Брэйтўэйт, сталы прадстаўнік Вялікай Брытаніі ў Радзе правоў чалавека, гаворыцца:

«Мы глыбока занепакоеныя празьмерным ужываньнем сілы ўладамі супраць журналістаў, у тым ліку паведамленьнямі пра катаваньні і жорсткае, бесчалавечнае альбо прыніжальнае для годнасьці абыходжаньне і пакараньне. (…) Пачынаючы з траўня 390 журналістаў паведамілі пра тую ці іншую форму перасьледу. Караць журналістаў за тое, што яны выконвалі сваю працу, недапушчальна, і мы заклікаем Беларусь неадкладна вызваліць усіх затрыманых і зьняць зь іх усе абвінавачаньні».

У заяве згадваюцца крымінальныя абвінавачаньні, выстаўленыя журналістцы тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай), якую затрымалі пасьля прамога эфіру зь месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску 15 лістапада.

«Мы настойліва заклікаем Беларусь паважаць свабоду слова для ўсіх, у тым ліку для журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Мы заклікаем Беларусь выконваць рэкамэндацыі Маскоўскага мэханізму АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі. Штораз большыя абмежаваньні для незалежных СМІ павінны спыніцца», — заключае заява 42 дзяржаваў у Радзе правоў чалавека ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG