Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Менск і Хабараўск сталі пратэставымі гарадамі-пабрацімамі


Хабараўск, 15 жніўня 2020
Хабараўск, 15 жніўня 2020

Жыхары Хабараўскага краю і Беларусі выходзяць на вуліцы, змагаючыся за свае правы, ужо некалькі месяцаў запар. Што агульнага паміж гэтымі пратэстамі і чым яны адрозьніваюцца — у матэрыяле «Нямецкай хвалі».

Некалькі месяцаў працягваюцца пратэсты на двух краях постсавецкай прасторы: у Хабараўску і ў Беларусі. На расейскім Далёкім Усходзе яны пачаліся пасьля арышту губэрнатара Сяргея Фургала. 9 ліпеня 2020 году яго затрымалі праз абвінавачаньне ў замоўных забойствах 15-гадовай даўнасьці. 11 ліпеня жыхары Хабараўскага краю выйшлі на стыхійныя акцыі з патрабаваньнем правядзеньня над ім адкрытага суду прысяжных у Хабараўску.

У Беларусі ўдзельнікі дэманстрацыяў пратэстуюць супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году і супраць гвалту з боку праваахоўных органаў. Нягледзячы на розныя прычыны незадаволенасьці, на акцыях у Хабараўску можна пачуць лёзунгі салідарнасьці зь беларусамі, а ў Беларусі — з хабараўцамі.

«І наш маніфэст — мірны пратэст»

У абодвух выпадках пратэст мае прынцыпова мірны характар. Хоць і ў Расеі, і ў Беларусі ўлады лічаць акцыі пратэсту, якія адбываюцца, «няўзгодненымі», а значыць такімі, якія парушаюць грамадзкі парадак, падчас пратэстаў іх удзельнікі ня білі вітрын, не палілі машын, не было нічога падобнага на сапраўдныя масавыя беспарадкі. Мітынгоўцы ў Менску здымалі абутак перад тым, як стаць на лаўкі, а пратэстоўцы Хабараўску прыбіралі сьмецьце на плошчы Леніна (цэнтральная плошча гораду, дзе традыцыйна праходзяць акцыі).

На Далёкім Усходзе негвалтоўнасьць пратэсту падкрэсьліваецца і ў песьні мясцовага аўтара і выканаўцы Андрэя Ботала «Нас будзе больш», напісанай пад уражаньнем ад мітынгаў:

Нас будзе больш,

Сьцяна стане танчэйшай.

Мы духам адзіныя,

І наш маніфэст — мірны пратэст.

І ў Беларусі, і ў Хабараўскам краі РФ акцыі праходзяць стыхійна, без папярэдняга ўзгадненьня або дазволу ўладаў, прадугледжанымі заканадаўствам. Гэта дазваляе сілавікам арыштоўваць удзельнікаў акцый, хоць яны ўсяго толькі выказваюць свае погляды ў мірнай форме.

Тым ня менш у Хабараўску і ў беларускіх гарадах здараліся асобныя інцыдэнты сілавога супрацьстаяньня грамадзянаў з праваахоўнікамі. Беларусы некалькі разоў давалі сілавы адпор АМАПу і «ціхарам». У Хабараўску на пратэстоўцаў заведзена мінімум 4 крымінальныя справы за гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да супрацоўнікаў паліцыі. І там, і там мелі месца затрыманьні і факты ціску на журналістаў з боку сілавікоў.

Страйк, які не адбыўся

Адной з формаў пратэсту ў Беларусі сталі палітычныя страйкі, калі працоўныя спыняюць вытворчы працэс, пры гэтым не пакідаючы прадпрыемстваў. Некалькі разоў гучалі і заклікі да агульнанацыянальнага страйку, але ўсё абмежавалася асобнымі прадпрыемствамі. Напрыклад, пасьля таго, як 26 кастрычніка скончыўся тэрмін «ультыматуму Ціханоўскай», «італьянскія страйкі» (дбайнае фармальнае выкананьне службовых рэглямэнтаў, якое істотна запавольвае працу) праходзілі на МАЗе і Менскам электратэхнічным заводзе.

У Хабараўску спрабавалі паўтарыць гэтую тактыку, але таксама няўдала. На вялікім суботнім мітынгу 15 жніўня кіраўнік штабу Навальнага ў Хабараўску Аляксей Ворсін прапанаваў пераняць досьвед пратэстоўцаў у Беларусі і ладзіць забастоўкі на прадпрыемствах рэгіёну. Ён заявіў, што «страйк — гэта абсалютна законны, канстытуцыйны спосаб выказваньня нашай думкі».

Частка мітынгоўцаў падтрымала яго прапанову і пачала скандаваць «Будзеце маўчаць — будзем страйкаваць». Адразу пасьля завяршэньня акцыі Ворсіна затрымалі. Праз два дні, 17 жніўня, адбыўся суд, які прызначыў актывісту 10 сутак арышту. Тэма страйкаў выклікала гарачыя дыскусіі сярод пратэстоўцаў у Хабараўску, але далей дыскусіяў справа не пайшла.

Іншы агульнай рысай пратэстаў у Хабараўскам краі і Беларусі зьяўляецца іх масавасьць. Падчас першага мітынгу ў Хабараўску 11 ліпеня жыхары самі былі зьдзіўленыя колькасьцю ўдзельнікаў. Мясцовыя старажылы назвалі акцыю «самым шматлікім мітынгам з 1991 году». Паводле афіцыйнай ацэнцы МУС, «у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, арганізаваных камандай Фургала, узялі ўдзел ад 10 да 12 тысяч чалавек». СМІ ацанілі колькасьць удзельнікаў таго мітынгу ў 30-35 тысяч чалавек.

Паводле ўражаньняў відавочцаў, мітынгі і шэсьці 18 і 25 ліпеня, 1 і 8 жніўня прыцягнулі яшчэ больш людзей — да 50 тысячаў чалавек. Насельніцтва Хабараўску складае каля 600 тысяч чалавек.

У Менску, дзе больш за 2 мільёны жыхароў, на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскай брутальнасьці, паводле ацэнак незалежных крыніц, выходзіць ад 100 да 220 тысяч чалавек, а МУС Беларусі называе лічбу ў 20 тысяч.

Атрымліваецца, што пры рознай колькасьці насельніцтва ў Хабараўску і Менску, на вуліцы ў абодвух гарадах, паводле самых аптымістычных ацэнак, выходзіла да 10% жыхароў. З надыходам халадоў у Хабараўску колькасьць мітынгоўцаў пайшла на спад. У лістападзе на суботнія акцыі выходзяць ужо па некалькі сотняў чалавек.

NEXTA і «Я / Мы Сяргей Фургал»

Вялікую ролю ў арганізацыі акцыяў пратэсту і ў Хабараўску, і ў Беларусі адыгрывае ўзаемадзеяньне людзей у мэсэнджары Telegram і інфармаваньне праз тэлеграм-каналы. Праўда, у Хабараўскім краі няма такіх жорсткіх абмежаваньняў свабоды слова, як у Беларусі, працуюць незалежныя СМІ, няма адключэньняў мабільнага інтэрнэту падчас правядзеньня стыхійных акцый пратэсту.

У хабараўскіх Telegram-чатах людзі дамаўляюцца аб удзеле ў акцыях пратэсту, зьбіраюць грошы на штрафы, на банэры і іншую пратэставую сымбаліку, дзеляцца інфармацыяй пра затрыманьні і арышты. Такіх інтэрнэт-супольнасьцяў некалькі дзясяткаў, самыя буйныя з іх налічваюць больш за 2000 удзельнікаў.

Да маштабаў тэлеграм-каналу Nexta хабараўскія телеграм-каналы не дарасьлі, у самым буйным зь іх, «Я/Мы Сяргей Фургал», цяпер 6,2 тысячы падпісчыкаў. Многія хабараўцы атрымліваюць інфармацыю аб пратэстах з Instagram і YouTube.

Хабараўск Менск: салідарнасьць праз тысячы кілямэтраў

Беларускія пратэсты сталі сталай тэмай абмеркаваньня на хабараўскіх акцыях яшчэ да выбараў 9 жніўня ў Беларусі. Пасьля жорсткага разгону мірных акцый у ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на ўсіх мітынгах і шэсьцях хабараўчане скандуюць «Жыве Беларусь», «Беларусь, мы с тобой» і «От Хабаровска до Бреста диктатуре нету места».

23 жніўня ў Хабараўску нават правялі асобную акцыю салідарнасьці з пратэстоўцамі ў Беларусі. Пратэстоўцы ў Беларусі адказваюць хабараўцам узаемнасьцю. Напрыклад, пасьля акцый 27 верасьня ў сацсетках жыхары Хабараўску актыўна рассылалі адзін аднаму відэаролікі пра тое, як пратэстоўцы ў Менску скандавалі «Хабараўску вітаньне», а людзі ў Жабінцы крычалі на маршы «Хабараўск, мы з вамі!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG