Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы людзей выйшлі на акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі ў Менску і іншых гарадах. Больш за 1000 затрыманых. ФОТА і ВІДЭА


Калёна людзей каля станцыі метро «Спартыўная», 15 лістапада
Калёна людзей каля станцыі метро «Спартыўная», 15 лістапада

15 лістапада, на 99-ы дзень пратэстаў супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і гвалту, у Менску і іншых гарадах Беларусі праходзілі акцыі ў памяць забітага актывіста 31-гадовага Рамана Бандарэнкі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што паводле стану на 00.30 менскага часу лічба затрыманых дасягнула 1100 чалавек.

У адрозьненьне ад некалькіх папярэдніх нядзельных маршаў, калі на актыўны пратэст выходзілі толькі ў Менску, гэтым разам актыўнасьць вярнулася і ў рэгіёны.

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі. Гомель, 15 лістапада.
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі. Гомель, 15 лістапада.

Дзеяньні сілавікоў былі такімі ж, як і ў папярэднія маршы,– сілавікі не давалі людзям сабрацца, сфармаваць калёны, выкарыстоўвалі сьвятлашумавыя гранаты, білі і затрымлівалі ўдзельнікаў пратэсту.

Першыя затрыманьні ў Менску ля мэмарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму. 15 лістапада.
Першыя затрыманьні ў Менску ля мэмарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму. 15 лістапада.

У Менску сілавікі разагналі марш «Я выходжу» памяці Рамана Бандарэнкі на скрыжаваньні вуліцы Прытыцкага і праспэкту Пушкіна, а таксама разагналі людзей на «плошчы Перамен» у Менску, дзе невядомыя схапілі Рамана Бандарэнку, адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, пасьля яго ён памёр ад пабіцьця.

У Менску людзі пачалі зьбірацца а 12-й гадзіне на скрыжаваньні праспэкта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага, дзе 10 жніўня загінуў Аляксандар Тарайкоўскі. Гэтае месца было заблякаванае сілавікамі, таксама з раніцы закрылі рэкордную колькасьць станцый мэтро – 15, і адключылі мабільны інтэрнэт.

Затрыманьні ля праспэкту Пушкіна ў Менску, 15 лістапада.
Затрыманьні ля праспэкту Пушкіна ў Менску, 15 лістапада.

Сілавікі пачалі хапаць людзей адразу, не даючы ім сабрацца. Толькі адзін раз людзям удалося сфармаваць калёну на некалькі тысяч чалавек, якая прыйшла на гэтае месца з Каменнай Горкі. Супраць яе адразу выкарысталі сьвятлашумавыя гранаты. Падчас выбухаў гранат пацярпела мінімум адна жанчына, яшчэ адзін мужчына страціў прытомнасьць падчас разгону, яго ратавалі вайсковыя мэдыкі.

Выбухі пэрыядычна гучалі яшчэ больш за гадзіну, людзі ўцякалі ад нападаў узброеных сілавікоў у чорным і аліўкавым і не змаглі аб'яднацца.

Пакуль ля мэтро «Пушкінская» ў Менску сілавікі разганялі ўдзельнікаў «Маршу сьмелых» памяці Рамана Бандарэнкі, каля тысячы чалавек сабраліся ля мэмарыялу забітаму актывісту на скрыжаваньні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту.

Людзі скандавалі: «Трыбунал!» На даху трансфарматарнай будкі на «плошчы Пераменаў» хлопцы запалілі тры фаеры зь белым, чырвоным і белым дымам. Іх віталі воклічамі «Жыве Беларусь!» каля тысячы чалавек з нацыянальнымі сьцягамі, якія сабраліся ў двары і ваколіцах.
Тут, ля мэмарыялу Рамана Бандарэнкі, спачатку ніхто людзей не чапаў, але пазьней, калі яны выйшлі і на праезную частку, прыйшлі сілавікі ў чорным.

Прагучала шмат выбухаў сьвятлашумавых гранат і стрэлаў. Пасьля выбухаў на «плошчы Перамен» у Менску стаў кардон сілавікоў, людзі адышлі, каб ня трапіць пад стрэлы, але не разьбегліся, адышлі да мэмарыялу Бандарэнкі і ў двары. Пазьней да «плошчы Перамен» прыехаў вадамёт. Але, пастаяўшы нейкі час, сілавікі не рашыліся нападаць на людзей, а арганізавана адышлі на вуліцу Арлоўскую, перагрупаваліся.

Сілавікі атачылі пратэстоўцаў у Менску, 15 ліатапада.
Сілавікі атачылі пратэстоўцаў у Менску, 15 ліатапада.

Прыехалі дадатковыя сілы, і праз гадзіну атачылі пратэстоўцаў на «плошчы Перамен» з усіх бакоў. Людзі сталі ў счэпку. Сілавікі са шчытамі ўзялі ў атачэньне «плошчу Перамен», некаторыя мелі ў руках зброю. Да «плошчы Перамен» зноў прыехаў вадамёт, а таксама аўтазакі.

Людзей ля мэмарыялу Бандарэнкі стала меней, некалькі соцень пайшлі на бульвар Шаўчэнкі. Людзі крычалі: «Выходзьце!», «Далучайся!»
Да аточаных сілавікамі абаронцаў мэмарыялу прыйшлі амапаўцы і пасьля папярэджаньня пачалі выхопліваць людзей з ланцуга.

Цягам 10 хвілін ішла «зачыстка»: людзей цягнулі ў аўтобусы і аўтазакі, як мужчын, так і жанчын. Сілавікі зрывалі сьцягі, плякаты, білі лямпадкі, разбурылі намёты. Неўзабаве на «плошчы Перамен» засталіся толькі сілавікі. Сотні затрыманых, у аўтазакі стаялі чэргі, не хапала месца.

Пасьля разгону і затрыманьняў на «плошчы Перамен» з суседняга дома выйшла адзінокая жанчына, запаліла сьвечку і паставіла да мэмарыялу.

Пазьней камунальнікі забралі кветкі і сьвечкі з мэмарыяла Рамана Бандарэнкі.

Акцыі памяці Рамана Бандарэнкі прайшлі ў Берасьці, Віцебску, Горадні, Гомлі, Магілёве, Бабруйску Баранавічах, Бярозе, Жлобіне, Жодзіне, Лідзе, Мазыры, Маладэчне, Пінску, Полацку, Пружанах, Салігорску, Смалявічах і іншых гарадах Беларусі.

Усюды сілавікі перашкаджалі акцыям, разбуралі мэмарыялы Бандарэнкі, затрымлівалі актыўных удзельнікаў.

Станам на 18:50 Праваабарончы цэнтар «Вясна» налічыў прозьвішчы каля 590 затрыманых у Менску і іншых гарадах.

Сярод затрыманых каля 20 журналістаў, намесьнік дырэктара па арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі Аляксандрава, кандыдат мэдыцынскіх навук Павал Маісееў, загадчык апэрацыйнага блёку гэтага ж цэнтру кандыдат мэдычных навук Андрэй Палуянчык, вядомы выдавец Барыс Пастэрнак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG