Яна павінна была выйсьці 14 лістапада. Родным паведамілі, што яе затрымалі да суду паводле новага пратаколу, напісала БАЖ.
2 лістапада суд Заводзкага раёну Менску арыштаваў праваабаронцу і незалежную журналістку Марыну Кастылянчанку на 15 дзён. Яе абвінавацілі ў незаконным пікетаваньні на вуліцы Багдановіча 30 кастрычніка і супраціве міліцыі.
Кастылянчанка назвала абвінавачаньні абсалютнай выдумкай. Яна сказала, што а 18-й гадзіне сустрэла свайго сябра Аляксандра Бялова пасьля арышту на Акрэсьціна, а ўжо ў 18:45 іх затрымалі ў кавярні на вуліцы Сурганава.
«Я лічу, што гэта перасьлед за мае палітычныя погляды», — сказала яна.
Праваабаронцы назвалі затрыманьне Марыны Кастылянчанкі адвольным і незаконным.