Беларусы, які ў розны час пасьля выбараў прэзыдэнта зьехалі ва Ўкраіну, уцякаючы ад перасьледу ў Беларусі за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацый, другую ноч запар ахоўваюць мэмарыял, стыхійна створаны каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне ў памяць аб памерлым пасьля зьбіцьця Рамане Бандарэнку.
«Напярэдадні мы стварылі мэмарыял памяці Рамана Бандарэнкі, але высьветлілася, што паводле загаду беларускай амбасады тэхнічныя службы пачалі яго прыбіраць, таму мы вырашылі яго ахоўваць. Я дзяжурыў усю мінулую ноч, зараз адпачываю, але і сёньняшнюю ноч там будуць знаходзіцца людзі», – паведамў Свабодзе Сяргей Лук'янаў.
Сяргей Лукʼянаў зьехаў зь Беларусі ў жніўні. У ліпені ў яго адбыўся ператрус, бо ён быў удзельнікам тэлеграм-каналу «Армія з народам», а пазьней стаў фігурантам справы Ціханоўскага – аб арганізацыі або ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак.
«Нас, беларусаў, якія вымушаныя былі ўцякаць з Беларусі, вельмі ўзрушыла сытуацыя з Раманам Бандарэнкам. Заўтра ў адным з храмаў Праваслаўнай царквы Ўкраіны адбудзецца паніхіда па ім, а пазьней мы выйдзем на ланцуг салідарнасьці, які мы вырашылі правесьці на праспэкце Перамогі ў Кіеве», – дадаў Сяргей Лукʼянаў.
Увечары 12 лістапада беларусы Кіева сабраліся каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне на акцыю ўшанаваньня памяці загінулага ў Менску Рамана Бандарэнкі – яны ўсклалі кветкі і запалілі зьнічы насупраць брамы амбасады.
Сёньня ўдзельнікі акцыі накінулі бел-чырвона-белы сьцяг на помнік беларускаму літаратурнаму клясыку Ўладзімеру Караткевічу, які ўсталяваны побач з амбасадай, а на яе агароджы пакінулі невялікія налепкі, на якіх пералічаныя прозьвішчы загінулых пасьля акцыяў у Беларусі. Гэты пералік адкрывае імя Міхася Жызьнеўскага, які загінуў у Кіеве, у часе масавых акцыяў пратэсту ў студзені 2014 году.