Другі запар тэрмін у 15 сутак адбывае ў ізалятары на Акрэсьціна палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы начальнік Менскай абласной управы ДАІ Сяргей Маслоўскі.
7 лістапада дачка Маслоўскага Вольга зноў наведала ізалятар на Акрэсьціна, куды зьмясьцілі яе бацьку пасьля другога працэсу ў Савецкім раённым судзе.
Сяргею Маслоўскаму 56 год, ён ужо на пэнсіі. Паводле сваякоў, сёлета спакойнае пэнсійнае жыцьцё для яго скончылася, калі ён зацікавіўся перадвыбарчай кампаніяй. Праваабаронца, былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак згадаў, як пазнаёміўся зь Сяргеем Маслоўскім.
«Мы сустрэліся ў ліпені, у самы разгар перадвыбарчай кампаніі. Мяне зьдзівіла, які ён энэргічны, як матор, не абыякавы да таго, што было вакол. Казаў, што ня хоча проста па-пэнсійнаму сядзець на лецішчы, усім цікавіўся», — згадвае Алег Воўчак.
Алег Воўчак кажа, што зь Сяргеем Маслоўскім абмяркоўвалі падзеі пасьля выбараў, абураліся тым, што тварылася ў пастарунках, і сыходзіліся на думцы, што супраць гэтага трэба пратэставаць.
«Зьбілі ў аўтазаку, калі сказаў, што былы міліцыянт»
Цяпер праваабаронца Алег Воўчак зьбірае дакумэнты, каб накіраваць у Камітэт правоў чалавека ААН скаргу ад імя Сяргея Маслоўскага.
«Па маіх зьвестках, яго зьбілі яшчэ ў аўтазаку, калі сказаў, што былы міліцыянт. І тое, што мы ўжо ведаем пра яго ўтрыманьне на Акрэсьціна, таксама мае прыкметы катаваньня. Пра гэта і будзе скарга. Яму яўна помсьцяць як былому міліцыянту», — лічыць Алег Воўчак.
Сяргея Маслоўскага затрымалі 11 кастрычніка, на самым пачатку Маршу Годнасьці, калі АМАП «узяў у клешчы» мітынгоўцаў, якія зьбіраліся каля гатэля «Плянэта».
«Ёсьць відэа, як тату міліцыянт бярэ за руку і адводзіць, тата не супраціўляецца, нічога не выкрыквае. Таму ня веру, што ён далей нешта рабіў такое, за што яго зьбілі. А што зьбіцьцё было, пацьвярджае даведка ад лекараў шпіталя МУС. Ён туды трапіў з Акрэсьціна. Сінякі на нагах, задзірыны на твары, гематомы. У яго здарыўся гіпэртанічны крыз, а забіралі ў шпіталь з падазрэньнем на інсульт.
Лекары канстатавалі, што ў яго абязводжваньне, то бок не давалі вады. І ў такім стане чалавека не адпусьцілі са шпіталя лячыцца дамоў, а вярнулі на Акрэсьціна, прычым зноў у карцар. Тата на другім судзе пасьпеў сказаць, што яго ўсе 15 сутак трымалі ў карцары. Можа, ён і цяпер там, ня ведаем», — абураецца дачка затрыманага экс-міліцыянта Вольга.
«А табой цяпер мы будзем займацца»
Тры гадзіны ў камэры ізалятара на Акрэсьціна прабыў разам зь Сяргеем Маслоўскім паэт Дзьмітрый Строцаў, які 21 кастрычніка зьнік у Менску, а празь дзень знайшоўся на Акрэсьціна. Сяргей Маслоўскі расказаў, што яго адразу пасьля затрыманьня павезьлі ў ізалятар у Жодзіна. Але там яго сустрэлі супрацоўнікі з Акрэсьціна на аўтамабілі. «Сказалі: „А табой цяпер будзем мы займацца“», — перадае словы Маслоўскага Строцаў.
«Сяргей расказваў пра карцар, што гэта за жах. Прычым і для карцара ёсьць нормы, але іх адносна Сяргея ды іншых вязьняў карцару парушалі. Не дазвалялі карыстацца ложкам, і вязьні мусілі спаць на бэтоннай падлозе. Коўдру калідорны неяк яму выдаў на адну ноч, зьміласьцівіўся, а другі, наадварот, забраў адзіную старую прасьціну. Нават вады ў туалеце не было», — кажа Дзьмітрый Строцаў.
Зь ягоных слоў, Маслоўскі казаў, што 4 дні трымаў галадоўку, але быў вельмі зьнясілены, таму зноў пачаў есьці.
«Ён заўсёды імкнецца да справядлівасьці»
Паводле Вольгі, яе бацька — чалавек з падвышаным пачуцьцём справядлівасьці і вялікай асабістай мужнасьцю. Гэтыя якасьці не дазволілі застацца ўбаку ад таго, што адбываецца цяпер у краіне.
«Ён заўсёды імкнецца да справядлівасьці, ня пройдзе міма, кал нешта ня тое. Ведаю, ніколі не дазваляў сярод сваіх падначаленых дзедаўшчыны, дапамагаў маладым. Яшчэ ён двойчы асабіста затрымліваў злачынцаў, адзін раз падчас службы, другі — калі ўжо быў пэнсіянэрам», — згадала Вольга.
Пра гэтыя выпадкі паведамляла прэса, з гонарам кажа дачка.
«У 2007-м пры затрыманьні хулігана яму зламалі нос. Яны з мамай ішлі па вуліцы і натрапілі на групу хуліганаў, іх было 5 ці 6, якія зьбівалі хлопца, той ужо ляжаў на зямлі. Тата заступіўся, пачаў іх проста адцягваць і атрымаў кулаком у твар. Але давёў справу да канца. Затрымаў аднаго, а маці выклікала нарад, і таго забрала міліцыя», — расказала дачка Сяргея Маслоўскага.
Другая гісторыя зь яе бацькам здарылася, калі ён ужо быў на пэнсіі.
«Гэта здарылася на аўтамабільным рынку ў Ждановічах. У таты на вачах злодзей скраў у пакупніка барсэтку, у якой было 10 тысяч даляраў. І наўцёкі. І тата адзіны, хто не разгубіўся і за ім пабег. Злодзей быў малады хлопец, бег хутка. Ведаю, што празь нейкі плот яны пералазілі, што бацьку дапамог кіроўца аўтамабіля, і ў выніку яны таго злодзея ўсё ж злавілі. Ці атрымаў тата падзяку ад міліцыі, пра гэта ня ведаю. А пацярпелы, які быў з Расеі, прыехаў у Менск набыць аўто, быў вельмі ўдзячны, не чакаў такога, што яму гэтак хутка дапамогуць», — кажа Вольга.
«Пацьвердзілі, што ён у ЦІП, і прынялі для яго лекі»
Амаль штодня Вольга з маці прыяжджаюць на Акрэсьціна, каб даведацца пра Сяргея, але зьвестак — вобмаль.
«Адваката да яго не пускаюць, спасылаюцца на каранавірус. Лістоў ад яго няма, мы яму пішам, але водгуку ніякага. Перадачы перадавалі: цёплую вопратку, зьмену адзеньня, ежу, рэчы туалета, але ці дайшло што — ня ведаем. Не выключаем, што яму нічога могуць і не перадаць. Залічылі ў здраднікі — таму да яго вось такое стаўленьне. Але мы яго здраднікам ня лічым, ён для нас герой, а ня здраднік», — расказала Свабодзе Вольга 7 лістапада, перад тым як зноў адправіцца да ізалятара на Акрэсьціна.
Празь дзьве гадзіны жанчына ператэлефанавала:
«Нарэшце пацьвердзілі, што тата ўсё ж у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, і прынялі для яго лекі. Але больш зьвестак няма», — сказала Вольга, дачка арыштаванага падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Сяргея Маслоўскага.