Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкрыцьцё БелАЭС заўчаснае і мае палітычны характар», — беларускія эколягі і палітыкі


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

Эколягі і палітыкі заяўляюць пра недапушчальнасьць пуску БелАЭС у сытуацыі палітычнага крызісу, націску на апанэнтаў і экспэртную супольнасьць.

Адкрыцьцё Беларускай атамнай электрастанцыі заўчаснае і мае падкрэсьлена палітычны характар, гаворыцца ў заяве шэрагу экалягічных арганізацый і палітычных аб’яднаньняў.

Дакумэнт падпісалі Беларуская антыядзерная кампанія, Беларуская партыя «Зялёныя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, цэнтар «Эўрапейскі дыялёг», рух «За свабоду», аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

У заяве адзначаецца, што пуск першага энэргаблёку БелАЭС ажыцьцяўляецца ў «вельмі трывожных абставінах»: пры адсутнасьці ліцэнзіі на эксплюатацыю і справаздачы аб абгрунтаваньні бясьпекі БелАЭС; без належнага вырашэньня праблем бясьпекі, выяўленых падчас стрэс-тэстаў БелАЭС і мэтавых місій МАГАТЭ; пры адсутнасьці вырашэньня праблем абыходжаньня з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС, уключаючы адсутнасьць магчымасьцяў сухога прыстанцыйнага захоўваньня; пры недастатковай заканадаўчай базе, неабходнай для паўнавартаснага кантролю за бясьпечнай працай гэтай электрастанцыі; пры адсутнасьці адэкватнай, кампэтэнтнай і празрыстай ацэнкі ўплыву на навакольнае асяродзьдзе.

«Тое, што нас трывожыць больш за ўсё, — гэта факт пуску атамнай электрастанцыі ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу ў краіне, а таксама калі ключавыя падзеі прывязваюцца да палітычных дат. Так, фізычны пуск першага энэргаблёку быў прымеркаваны да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, так званае адкрыцьцё станцыі — да 7 лістапада, гадавіны рэвалюцыі 1917 году. Такая практыка назіралася і на сумна вядомым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС, дзе адбылася аварыя з маштабным радыяцыйным выкідам», — гаворыцца ў заяве.

«Мы зьвяртаемся да Дзяржатамнагляду Беларусі, а таксама да міжнароднай супольнасьці з заклікам аказаць увесь свой уплыў для спыненьня БелАЭС і належнага правядзеньня ўсіх неабходных працэдур, уключаючы ліцэнзаваньне на эксплюатацыю», — адзначаецца ў дакумэнце.

«Мы лічым, што станцыю нельга было запускаць, а тым больш адкрываць і ўводзіць у эксплюатацыю, пакуль ня знойдзеныя вырашэньні праблем яе бясьпекі, а таксама абыходжаньня з адкідамі, уключаючы адпрацаванае ядзернае паліва, пакуль не ліквідаваныя ўсе парушэньні, уключаючы парушэньні канвэнцый ЕЭК ААН. Гэта тым больш недапушчальна ў сытуацыі палітычнага крызісу, націску на апанэнтаў і экспэртную супольнасьць, атмасфэры сакрэтнасьці і замоўчваньня», — падкрэсьліваюць эколягі і палітыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG