Адразу 8 баскетбалістак жаночай зборнай Беларусі захварэлі на каранавірус. Вылет у Турэччыну на матчы кваліфікацыі «Эўрабаскета»-2021 пад пагрозай, паведамляе Tut.by.
Інфармацыю пра дыягназы пацьвердзіла галоўны трэнэр каманды Натальля Трафімава. Але, нягледзячы на гэта, астатнія баскетбалісткі працягваюць рыхтавацца да адказных міжнародных сустрэч.
8 лістапада нацыянальная каманда павінна была адправіцца ў Стамбул на матч кваліфікацыі «Эўрабаскета»-2021 — галоўнага кантынэнтальнага турніру сярод зборных. Міжнародная фэдэрацыя баскетболу мусіць прыняць рашэньне аб удзеле зборнай Беларусі ў матчах кваліфікацыі.
У кваліфікацыі беларускі 12 лістапада павінны сустрэцца з камандай Польшчы. Далей, ужо ў лютым, іх чакаюць матчы зь Вялікай Брытаніяй і яшчэ адзін з Польшчай.
Жаночая баскетбольная зборная — адна з найбольш пасьпяховых нацыянальных дружынаў Беларусі ў гульнявых відах спорту. Двойчы, у 2008 і 2016 гадах, яна выступала на Алімпійскіх гульнях, дзе заняла 6-е і 9-е месцы адпаведна. Двойчы каманда ўдзельнічала ў чэмпіянатах сьвету, прычым у 2010-м ледзь не дабралася да мэдалёў, заняўшы 4-е месца. У 2007 годзе беларускі заваявалі бронзавы мэдаль на «Эўрабаскеце».