Ад новай хвалі рэпрэсій у Беларусі пацярпелі ўжо звыш 20 музыкаў.
Яўгена Змушко з гурту «Мутнаевока» затрымалі 5 лістапада пасьля дваровага канцэрту паблізу вуліцы Райніса ў Менску, паведамляе Tut.by. Затрыманьне Змушко — працяг перасьледу музыкаў у Беларусі.
Судзьдзя Заводзкага раённага суду Менска Асіпчык пакараў музыку на 15 дзён арышту. Паседжаньне адбывалася па скайпе, паведаміў тэлеграм-канал «Списки задержанных».
29 кастрычніка затрымалі дырыгентку хору Concordia Галіну Казіміроўскую, жонку сьпевака Зьмітра Вайцюшкевіча. Яе зьмясьцілі ў ізалятар, а 2 лістапада правялі над жанчынай два суды, двойчы аштрафавалі на агульную суму ў 1620 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту.
3 лістапада пад рэпрэсіі трапіла Тацяна Галуза, выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выкладчыца Менскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў. У момант затрыманьня ў аграгарадку Лясны пад Менскам Тацяна была з мужам, але мужа затрымліваць ня сталі. 5 лістапада Галузу аштрафавалі на 810 рублёў.
3 лістапада ў Менску пасьля дваровага канцэрту затрымалі 5 удзельнікаў праекту «Радыё Карантын», у тым ліку музыкаў Івана Арцімовіча, Андрэя Аляксеенку, Піліпа Петчанку, а таксама літаратараў Сяргея Мядзьведзева і Аляксандра Беліка.
4 лістапада на сваіх працоўных месцах у Белдзяржфілярмоніі затрымалі артыста камэрнага хору Дзяніса Іванова і віялянчэліста Аляксандра Сердзюкова. Суд над імі павінен адбыцца 6 лістапада.
4 лістапада на менскай вуліцы Ціміразева таксама затрымалі больш за 10 чалавек. Сярод іх бубначы гурту «Требуем разойтись». Затрыманьні, як і ў выпадку са Змушко, адбыліся пасьля канцэрту ў двары.
Дастаўлялі ў міліцыю 4 лістапада і зь іншых раёнаў Менску. Музыку Мікіту Камянецкага ў Малінаўцы выцягнулі з таксі і павезьлі ў пастарунак. Музыку Ціматэ Суладзэ затрымалі пасьля выступленьня ў Сухараве.
Толькі ў 11:31 6 лістапада стала вядома, што Леанід Змушко пасьля ночы ў Заводзкім РУУС быў зьмешчаны ў турму на Акрэсьціна. Дата суду на гэты момант невядомая.