Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запатрабавала ад уладаў Беларусі спыніць крымінальны перасьлед сотняў дэманстрантаў, якіх затрымалі 1 лістапада на маршы супраць тэрору.
«Беларускія ўлады яўна баяцца свабоды мірных сходаў у краіне і цяпер робяць з самой спробы ажыцьцяўленьня гэтага права крымінальнае злачынства, спрабуючы прыцягнуць да адказнасьці 231 затрыманага ўдзельніка пратэстаў. Пратэстоўцы назвалі нядзельны мітынг „Маршам супраць тэрору“, цяпер улады яшчэ больш іх застрашваюць», — заявіў намесьнік дырэктара Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Дзяніс Крывашэеў.
Удзельнікі Маршу супраць тэрору 1 лістапада прайшлі ад станцыі мэтро «Парк Чалюскінцаў» да ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Сілавікі заміналі руху калёнаў, выстаўлялі заслоны і выкарыстоўвалі спэцсродкі.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», затрымалі ня менш за 286 чалавек, сярод іх ёсьць журналісты. 231 затрыманага зрабілі падазраванымі ў крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.