Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік менскага АМАПу падаў пазоў на «Нашу Ніву», патрабуе абвяржэньня і 3000 рублёў кампэнсацыі


Сайт «Нашай Нівы».
Сайт «Нашай Нівы».

Супрацоўнік менскага палка АМАП Андрэй Бекіш лічыць, што «Наша Ніва» распаўсюдзіла непраўдзівыя зьвесткі, якія ганьбяць ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Бекіш удзельнічаў у сілавых разгонах акцый на вуліцах Менску яшчэ ў ліпені 2020 году, у інтэрнэце зьявілася ягонае фота ў цывільным падчас такіх разгонаў, а неўзабаве высьветлілі і ягонае прозьвішча.

«Наша Ніва» апублікавала артыкул з камэнтарамі былых аднаклясьнікаў Бекіша, якія расказалі, якім той быў у школе і як яны ставяцца да ягонай працы і ўчынкаў у АМАП.

Амапавец Бекіш палічыў, што гэтыя меркаваньні «наўмысна скажоныя з мэтай стварэньня нэгатыўнага стаўленьня» да яго, і падаў пазоў у суд з патрабаваньнем прызнаць апублікаваныя зьвесткі несапраўднымі і такімі, якія ганьбяць ягоныя гонар і годнасьць, абвергнуць гэтыя зьвесткі і выплаціць яму 3000 рублёў грашовай кампэнсацыі маральнай шкоды.

Паседжаньне Маскоўскага суду Менску прызначана на 25 лістапада.

Пазыцыя рэдакцыі «Нашай Нівы»

Ягор Марціновіч. Архіўнае фота.
Ягор Марціновіч. Архіўнае фота.


Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч пракамэнтаваў Свабодзе судовы пазоў АМАПаўца:

«Гэта абуральная сытуацыя. Амапавец Бекіш крыўдзіцца на словы „зьбіваць людзей“, тады як больш за 1800 чалавек напісалі заявы ў Сьледчы камітэт з просьбай завесьці крымінальную справу за катаваньні — і ў адказ ім цішыня.

У мяне няма падстаў не давяраць словам яго аднаклясьнікаў. Калі спатрэбіцца, будзем запрашаць сьведкамі ў суд увесь ягоны кляс разам з настаўнікамі. Хай расказваюць, якім ён хлопцам быў. Калі ж суд прызнае „Нашу Ніву“ вінаватай, спадзяюся, Бекіш пералічыць гэтыя 3000 рублёў на дапамогу зьбітым дэманстрантам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG