Дзяржаўнае транспартнае прадпрыемства «Мінсктранс» прыпыніла міжнародныя аўтобусныя рэйсы зь Беларусі зь вечара 29 кастрычніка пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў на ўезд грамадзян з Латвіі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны.
«У сувязі з абмежаваньнем на ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з 19.00 29 кастрычніка часова прыпынена выкананьне рэйсаў па міжнародных маршрутах», — паведаміў «Мінсктранс» у сваім Тэлеграм-канале.
Раней Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што Беларусь часова абмежавала ўезд на сваю тэрыторыю праз наземныя пункты пропуску асобных катэгорый фізычных асобаў з Латвіі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй у сумежных краінах.