Беларусы, якія жывуць у Нямеччыне, пачалі кампанію «Вы страйкуеце — мы адпрацуем» (You Strike We Work), у рамках якой людзям прапануецца перавесьці сваю зарплату страйкоўцам на радзіме.
Ініцыятыву падтрымалі і беларускія дыяспары ў іншых краінах: за некалькі дзён на падтрымку беларускіх страйкоўцаў удалося сабраць больш за паўмільёна эўра. «Нямецкая хваля» паразмаўляла з адной з ініцыятарак акцыі — жыхаркай Нямеччыны Ірынай, якая папрасіла не называць яе прозьвішча зь меркаваньняў бясьпекі.
— Як паўстала ініцыятыва «Вы страйкуеце — мы адпрацуем»?
— Ідэя ўпершыню зьявілася тыдзень таму ў чаце беларускай дыяспары ў Мюнхэне. Мы абмяркоўвалі пытаньне аб тым, што рабіць, калі ўмовы ўльтыматуму Сьвятланы Ціханоўскай ня будуць выкананыя.
Адзін з удзельнікаў чату выказаў ідэю, што ён гатовы ахвяраваць свой заробак для страйкоўцаў на выпадак, калі іх звольняць. Мы, адміны чату, падхапілі гэтую ідэю, вырашылі надаць ёй форму. У нас не было ні рэсурсаў, ні магчымасьці самастойна правяраць, каму і колькі выплачваць, ці праўда, што людзей звольнілі.
Таму было відавочна, што нам трэба супрацоўнічаць з фондамі. Мы скаардынаваліся з фондам BYSOL — гэта фонд, які падтрымлівае работнікаў, людзей, якія страцілі працу праз сваю палітычную дзейнасьць. Ён нас падтрымаў, і мы запусьцілі гэтую ініцыятыву.
Мы таксама зьвязаліся з дыяспарамі зь іншых краінаў і прапанавалі ім падхапіць гэтую ідэю. На той момант мы яшчэ не падазравалі, наколькі глябальнай яна стане. Адгукнуліся практычна ўсе дыяспары. Мы заўважылі, што вельмі многія ахвяруюць кожны дзень і кажуць, што будуць так рабіць да заканчэньня страйку. Мы спадзяёмся, што страйк скончыцца толькі тады, калі ўмовы «Народнага ўльтыматуму» будуць выкананыя.
— Як доўга вы плянуеце праводзіць кампанію?
— Ад пачатку страйку і да перамогі. Нам вельмі важна, каб тыя, хто страйкуе, або работнікі, якія яшчэ сумняваюцца, далучыцца да страйку ці не, зразумелі, што за іх сьпінамі стаяць сотні тысяч неабыякавых людзей, гатовых іх падтрымаць. Так склаўся лёс, што мы цяпер жывём за межамі Беларусі. Тое, што мы робім, не ўплывае наўпрост на рашэньні Лукашэнкі. Але мы гатовыя падтрымаць тых, хто ўплывае наўпрост. А гэта менавіта работнікі, якія страйкуюць.
Мы папрасілі тых, хто далучыўся да акцыі, запоўніць ананімную форму — у тым ліку са словамі падтрымкі на адрас страйкоўцаў. Мы зьбіраем іх на старонцы ў Facebook You Strike We Work.
З аднаго боку, мы хацелі б аказаць страйкоўцам фінансавую дапамогу, каб яны ведалі, што змогуць пракарміць сваіх дзяцей, калі іх звольняць за страйк. А з другога боку, мы б хацелі выказаць ім тыя словы падтрымкі, якія ім так патрэбныя, каб яны ведалі, што за імі сапраўды стаяць сотні тысяч беларусаў.
— На старонцы вашай акцыі ў Facebook паведамляецца, што на 28 кастрычніка вам удалося сабраць ужо 600 тысяч эўра. Чые гэта ахвяраваньні і куды яны ідуць?
— Гэтая сума сабраная выключна ў фонд BYSOL. Іншыя дыяспары ці проста асобныя людзі могуць выкарыстоўваць і іншыя фонды, але ў нас пакуль няма магчымасьці адсочваць іх усе.
— Якія мэханізмы перадачы грошай страйкоўцам? Ці ўпэўненыя вы, што дапамога дойдзе да адрасатаў?
— Пераводзіць грошы наўпрост у Беларусь мы палічылі непатрэбным, таму што любы банкаўскі перавод з-за мяжы трохі падтрымлівае рэжым сілавікоў. І мы гэтага ня хочам, таму нам трэба працаваць з фондамі. Гэта займае пару дзён. Але тое, што грошы даходзяць да тых, хто мае патрэбу, гэта факт, і гэта пацьверджана фондам BYSOL. Ёсьць справаздачы, якія яны публікуюць на сваіх старонках, на сваіх каналах. Усё, што трэба зрабіць страйкоўцам, — гэта проста не пасаромецца і зьвярнуцца ў фонд.
— Ці падтрымліваюць вас мясцовыя жыхары, немцы?
— Безумоўна. Я ўжо ня першы год жыву ў Нямеччыне, і да лета 2020-га мне ўвесь час даводзілася тлумачыць, што гэта за краіна і дзе яна знаходзіцца, што гэта не за Ўралам і ня вобласьць Расеі. Цяпер жа, як толькі я згадваю, што я зь Беларусі, людзі тут жа пачынаюць выказваць словы падтрымкі. У нас вельмі шмат знаёмых, якія, даведаўшыся пра страйк, кажуць, што таксама гатовыя ўкласьціся ў нашу акцыю і дапамагчы страйкоўцам грашыма.