«Мы будзем усё роўна трымацца сваёй грамадзянскай пазыцыі і выступаць супраць гвалту», — кажа калега затрыманых, загадчыца кабінэту эндаскапіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялёгія» Тацяна Гінько. Беспрэцэдэнтнымі назваў затрыманьні мэдыкаў анэстэзіёляг-рэаніматоляг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця» Андрэй Вітушка. Ён прагназуе, што найлепшыя лекары будуць пакідаць Беларусь, калі сытуацыя ня зьменіцца.
«З тэхнічных прычын пачатак апэрацый быў пасунуты»
Загадчыца кабінэту эндаскапіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялёгія» Тацяна Гінько працуе ў цэнтры з 2017 году і ганарыцца ўнікальным калектывам прафэсіяналаў высокага ўзроўню. Разам з калегамі Тацяна брала ўдзел ва ўжо традыцыйных ланцугах салідарнасьці мэдыкаў.
—- Мэдыкі ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, але не спыняюць працу. Мэдыкі хочуць спыніць неабгрунтаванае ўжываньне сілы тымі структурамі, якія павінны абараняць народ, а ня толькі дзейную ўладу. На ўсіх гэтых акцыях адзіным калектывам выступаюць мэдыкі РНПЦ «Кардыялёгія» і калегі з 4-й бальніцы. Усё адбываецца па-за працоўным часам. Мы не спрабуем арганізаваць уласны страйк. У нас усе заплянаваныя лячэбныя і вучэбныя мерапрыемствы працягваюцца. Былі затрыманыя ўдзельнікі акцыі, якія зьяўляюцца гонарам нашай кардыялёгіі і кардыяхірургіі.
Яны выйшлі выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю мірным шляхам, а іх затрымалі і накіравалі ў РУУС для складаньня пратаколаў, іх абвінавачвалі ў тым, што яны выкрыквалі супрацьурадавыя лёзунгі і парушалі грамадзкі парадак. Гэта недапушчальна. Усе гэты людзі адбыліся як спэцыялісты, яны ва ўсіх адносінах выконвалі правілы чалавечай этыкі, маралі, яны ніколі не ўяўлялі небясьпекі для беларускага народу. Такое абыходжаньне зь імі, дастаўка ў РУУС — маральна прыніжальна, абвінавачаньне іх у нечым — недапушчальна.
Мэдычная супольнасьць ня будзе маўчаць у адказ на несправядлівасьць, перавышэньне службовых паўнамоцтваў сілавымі структурамі. Лячыць фізычныя і душэўныя траўмы, якія атрымала наша насельніцтва, будзе наша цывільная мэдыцына. Мэдыцына вайсковая, пэнітэнцыярная і мэдыцына для дзяржапарату стаяць паасобку. А астатнія мэдычныя рэсурсы існуюць як адзіная мэдычная супольнасьць Беларусі, аб’яднаная не прафсаюзам, а чалавечымі сувязямі. Мы разам вучыліся, разам працавалі, разам удзельнічалі ў канфэрэнцыях, у нас адзіныя падыходы гуманізму. І яны не зьвязаныя з тым, хто заняў чый бок — чалавека, які прызнае ці не прызнае вынікі выбраў. Мы — супольнасьць, якая не прызнае гвалту і несправядлівасьці.
Людзі, якія былі сёньня затрыманыя, гэта ўнікальныя спэцыялісты, прызнаныя за мяжой. Нават з пункту гледжаньня «няма незаменных, ёсьць непаўторныя», гэта людзі, якія адначасна незаменныя і непаўторныя. Яны вярнуліся да працы пасьля гэтага прыніжэньня і выканалі практычна ўсе свае лячэбныя задачы, правялі заплянаваны майстар-кляс разам з расейскімі спэцыялістамі. Яны зрабілі плян па апэрацыях. Як выказаўся загадчык аддзяленьня, «з тэхнічных прычын пачатак апэрацый быў пасунуты». Калі беларускі доктар кожны раз, складаючы плян на заўтра, павінен задумацца пра тое, ці можа ён аказацца на працы на наступны дзень, гэта пра многае кажа. Мы хочам быць спакойныя за сваіх калегаў і за сваіх дзяцей, за людзей, якія, як выказаўся Караеў, «не пасьпелі адскочыць убок». Мы будзем заставацца на сваёй грамадзянскай пазыцыі.
«Многія дактары, якія задумваліся пра пераезд і вагаліся, ці прыняць такое рашэньне, цяпер яго прынялі»
Анэстэзіёляг-рэаніматоляг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця» Андрэй Вітушка расцэньвае сёньняшнюю сытуацыю як беспрэцэдэнтную.
— Спачатку затрымлівалі мэдыкаў на нядзельных і іншых маршах, але затрымлівалі як шараговых удзельнікаў. Гэтым разам затрымалі мэтанакіравана мэдработнікаў, якія выйшлі ў свой непрацоўны час. Гэта было 7:30–7:40 раніцы. Калегі прыйшлі на вызначанае месца і зьбіраліся пэўны час там прабыць, выказаць сваю думку і потым ісьці працаваць. Замест гэтага яны паехалі ў пастарунак і сталі фігурантамі адміністрацыйнай справы. На жаль, гэтым сытуацыя ня скончылася. Пасьля працы дактары Менскай абласной клінічнай бальніцы таксама выйшлі з пратэстам пасьля заканчэньня працоўнага дня. Так адбываецца там ня першы раз. Гэтым разам двух лекараў анэстэзіёлягаў-рэаніматолягаў затрымалі.
Сытуацыя разьвіваецца ў неспрыяльны бок, пачалі затрымліваць мэдработнікаў, якія абазначаюць сябе як мэдработнікі. Нашы мэдработнікі — высокапрафэсійныя і высокамаральныя і найперш думаюць пра інтарэсы пацыентаў. Яна ў поўным памеры выконваюць свае прафэсійныя абавязкі, а калі праяўляюць салідарнасьць, робяць гэта ў непрацоўны час.
У Беларусі не хапае лекараў, многія раней зьехалі працаваць у іншыя краіны. Многія дактары, якія задумваліся пра пераезд і вагаліся, ці прыняць такое рашэньне, цяпер яго прынялі і знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі да пераезду, як толькі адкрыюцца межы і палепшыцца сытуацыя з каранавірусам. А можа, нават не чакаючы заканчэньня пандэміі. У Эўропе падчас першай хвалі была вялікая патрэба ў лекарах, найперш у анэстэзіёлягах-рэаніматолягах, спэцыялістах, якія ўмеюць настройваць апарат вэнтыляцыі лёгкіх. Была вялікая патрэба агулам у лекарах. Многія зараз прынялі рашэньне. І мы гэта яшчэ адчуем.
Зьяжджаюць зь Беларусі найбольш адукаваныя і кваліфікаваныя лекары, якія ведаюць замежныя мовы і імкнуцца быць у трэндзе распрацовак сучаснай мэдыцыны. Страта кожнага такога спэцыяліста адчувальная для мэдычнай сыстэмы аховы здароўя Беларусі. Ня варта забывацца і пра расейскі і ўкраінскі кірунак. Гэта рэальная праблема для Беларусі. Добры спэцыяліст ня будзе «сінеючымі пальцамі» трымацца за месца ў Менскай абласной бальніцы. Ён знойдзе сабе добрую працу ў іншай краіне.