Увечары 26 кастрычніка ў цэнтры Менску людзі зноў выйшлі на пратэст, АМАП разагнаў дэманстрацыю.
У Менску працягваецца пратэставая актыўнасьць. Каля 18-й гадзіны ў цэнтры гораду ў некаторых месцах пачалі зьбірацца грамадзяне. Плошча Незалежнасьці была ачэпленая па пэрымэтры. Там сабраліся некалькі сотняў чалавек, якія рушылі па праспэкце ў бок Кастрычніцкай плошчы.
Сілавікі напалі на дэманстрантаў у раёне супэрмаркета «Цэнтральны». Дэманстранты хаваліся ў крамах і кавярнях.
Вялікая калёна пайшла на Кастрычніцкую з боку плошчы Незалежнасьці. Каля ГУМу пераходзілі вуліцу Леніна не праз падземны пераход, перакрываючы рух транспарту. Некалькі маладзёнаў паспрабавалі перакрыць рух на праспэкце. Гэта цягнулася некалькі хвілін.
Некалькі аўтобусаў і аўтазакаў заехалі на Кастрычніцкую плошчу. Пачаліся жорсткія затрыманьні каля Палаца культуры прафсаюзаў, некаторых зьбівалі. Аднаго пратэстоўца сілавікі зьбілі так моцна, што ён ляжаў на зямлі, амапаўцы яго паднялі, пацягнулі па зямлі ў аўтобус. Затрыманыя былі дзясяткі чалавек.