Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб'яднаны марш пэнсіянэраў і студэнтаў у Менску
Аб'яднаны марш пэнсіянэраў і студэнтаў у Менску

Страйкі на заводах. Пратэст студэнтаў і пэнсіянэраў. Што адбываецца ў першы дзень пасьля ўльтыматуму Ціханоўскай

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў.

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнай забастоўкі з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Мы сочым за тым, што адбываецца ў краіне.

09:57 26.10.2020

Менск. «Інтэграл»

10:02 26.10.2020

На «Гродна Азот» страйкуюць каля 150 чалавек

Да іх на новую прахадную прыехаў генэральны дырэктар Ігар Бабыр і галоўны інжынэр Сяргей Сілівонік, угаворваюць пачаць працу. Вядомыя прозьвішчы двух затрыманых з цэху азотнай кіслаты і кампрэсіі. Іншыя работнікі цэха застаюцца на заводзе, але не пачынаюць да працы. Начальнік просіць іх выйсьці за тэрыторыю прадпрыемства.

10:04 26.10.2020

Берасьце. Міліцыя дзяжурыць каля завода Gefest

Паводле інфармацыі зь Берасьця, на прадпрыемствах гораду пакуль невядома пра актыўныя страйкі. Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк. Мясцовы тэлеграм-канал «Берасьце: чуткі і факты» паведамляе пра зборышча міліцыі ля прахадной заводу «Брэстгазапарат» (гандлёвая марка Gefest) і ля канцавога прыпынку мясцовага аўтапарку, дзе зьбіраюцца на прыпынак гарадзкія аўтобусы.

10:09 26.10.2020

Менск. МАЗ

10:11 26.10.2020

Студэнты найбуйнейшых ВНУ выходзяць на акцыі пратэсту

На фота ад чытача — БДУІР. На вуліцы зьбіраюцца, напрыклад, студэнты БНТУ і БДАМ, на «сядзячы» пратэст у карпусах — БДТУ і БДУ.

10:18 26.10.2020

Горадня. «Гродна-Азот»​

«Гродна-Азот» цяпер. Рабочыя працягваюць стаяць перад прахадной.

10:19 26.10.2020

Міністэрства прамысловасьці сьцьвярджае, што на буйных прадпрыемствах няма страйкаў

Беларускія прамысловыя прадпрыемствы працуюць у панядзелак з раніцы ў штатным рэжыме, заявіў «Інтэрфаксу» памочнік міністра прамысловасьці Часлаў Шульга.

«На гэты момант у нас няма інфармацыі, што прадпрыемствы страйкуюць», – сказаў Шульга. Ён заявіў, што ў міністэрстве таксама «няма інфармацыі, што групы рабочых зьбіраюцца на прадпрыемствах, каб страйкаваць.

10:28 26.10.2020

Менск. БДУіР

У БДУІРы адбылася спрэчка дэкана са студэнтам:

— Гэты паважаны чалавек хоча сказаць, што ён нам улада…
— Так! Вы ня ўлада.
Пасьля гэтых слоў дэкана студэнты пачалі скандаваць: «Мы тут улада»

10:29 26.10.2020

Менск. МТС

Супрацоўнікі МТС выйшлі на пратэст да галоўнага ўваходу свайго офісу.

10:30 26.10.2020

Менск МДЛУ

Студэнты МДЛУ выйшлі на ганак унівэрсытэту і выгукаюць «„Азот“, мы з вамі!».

10:35 26.10.2020

Раскажыце нам, ці вы бастуеце

26 кастрычніка — агульнанацыянальны страйк, абвешчаны Сьвятланай Ціханоўскай. Дасылайце нам фота і відэа, калі вы і ваша прадпрыемства (кампанія) вырашылі падтрымаць страйк — на Telegram @SvabodaBelarus.

10:36 26.10.2020

Менск. Студэнты ўжо пайшлі калёнай па горадзе

10:38 26.10.2020

Менск. МТЗ

Каля 50 рабочых прэсавага цэха МТЗ правялі марш па тэрыторыі прадпрыемства з заклікам да рабчых далучацца да забастоўкі. «Далучайся» — заклікалі рабочыя. Паводле актывістаў з МТЗ, агульны страйк на прадпрыемстве яшчэ не пачаўся. «Адміністрацыя ўсяляк супрацьдзейнічае, але настрой «у шмат каго з рабочых крытычны», — кажуць страйоўцы.

Праз гадзіну, у 11.30 каля заводаўпраўленьня мяркуецца правесьці сход рабочых, якія зьбіраюцца далучыцца да забастоўкі з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.

10:40 26.10.2020

Ужо 25 затрыманых у Беларусі

Праваабаронцам вядомыя імёны ўжо 24 затрыманых сёньня раніцай — у тым ліку ля «Гродна Азоту», дзе страйкуюць рабочыя.

10:43 26.10.2020

Усе прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме, — прэс-сакратарка прэм’ера​ Галоўчанкі

10:55 26.10.2020

Менск. МЭТЗ

Па словах рабочых, дзьве траціны работнікаў Электратэхнічнага заводу імя Казлова не працуюць. «Мы падтрымліваем нашага выбраную прэзыдэнтку Ціханоўскую ў яе патрабаваньні тэрміновай адстаўкі Лукашэнкі», — сказаў актывіст заводу Аляксандар.

Зь ягоных словаў, не працуюць рабочыя 16-га, 6-га і 9 цэхаў, таксама цалкам не працуе філял заводу ў Калядічах. Усяго цяпер страйкуюць больш за 300 чалавек. Паводле Аляксандра, адміністрацыя заводу на кантакт са страйкоўцамі не ідзе. «Ходзяць, думаюць, што рабіць, як спыніць страйк», — кажа ён пра адміністрацыю.

Другі працаўнік заводу расказаў пра шматлікія праверкі рабочых, якія кураць ў курылках. «У нас 2 вялікія курылкі, там рабочыя-страйкоўцы бавяць час. Дык шмат разоў ужо прыходзілі туды з праверкамі, правяралі пропускі. Але гэта ня дзейнічае, рабочыя ўсё роўна адмаўляюцца працаваць», — кажа рабочы.

10:56 26.10.2020

Менск. ДАІ перакрыла праспэкт Незалежнасьці каля ЦУМа

10:58 26.10.2020

Менск. Студэнты аб'ядноўваюцца ў марш

Дзьве калёны студэнтаў, БДПУ і БДУ, аб’ядналіся ў адну каля хімічнага факультэта БДУ. Студэнты скандуюць «Пока мы едины, мы непобедимы».

Тым часам ад БНТУ праспэктам ідзе другая калёна студэнтаў.

11:01 26.10.2020

Менск. БДМУ

Студэнты-мэдыкі спрачаюцца з рэктарам...

... і сьпяваюць «Тры чарапахі»

11:02 26.10.2020

Менск. Каля БНТУ разагналі студэнтаў

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG