Менскага кіроўцу Аляксандра Садоўскага паранілі падчас пратэстаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020. У Беларусі яму зрабілі чатыры апэрацыі, выняўшы зь цела дзьве гумовыя кулі. Цяпер Аляксандар лечыцца ў Чэхіі па праграме Medevac, якую ладзіць Міністэрства ўнутраных спраў гэтай краіны. Гэта праграма мэдычнай эвакуацыі параненых з краінаў, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы.
Увага! Некаторыя кадры могуць шакаваць і выклікаць стрэс!
Што расказаў Аляксандар, сьцісла:
— Ніхто ў іх нічога ня кідаў. Напэўна, была каманда ў зародку здушыць усю незадаволенасьць. Мы ім казалі: «Міліцыя з народам, кідай шчыты, пайшлі з намі». Рассоўваюцца проста шчыты — і бах, стрэл. Я ўбачыў, як хлопец упаў мэтраў за 5–7 ад мяне.
— Праходзіць недзе хвіліна, зноўку шчыты рассоўваюцца, зноў стрэл, і тут я ўжо адчуваю, што прыляцела мне. Быў нейкі боль, але я ня ўпаў, нічога такога. Проста думаю: «Во гэта схадзіў».
Разварочваюся, думаю: «Адыду некуды, пагляджу, што ўвогуле там»...
Толькі павярнуўся, зноў стрэл, і тут мяне ўжо на калена паставіла, бо прыляцела ў раён паясьніцы.
— Была думка: калі я адсюль хутка не зраблю ногі, дык для мяне ўсё можа скончыцца вельмі сумна... Як потым хлопцаў знаходзілі прывязаных у лесапаласе, а казалі, што павешаныя... Мне чамусьці здаецца, што са мной бы там моцна не цырымоніліся — падстрэлены дык падстрэлены. Недзе б утылізавалі ў нейкім крэматорыі.
— Дзякуй спартоваму мінуламу і адрэналіну. Я мэтраў 150–200 бег, як у маладосьці, а тады займаўся лёгкай атлетыкай на даволі добрым узроўні — кандыдат у майстры спорту на 400 мэтраў.
— Як спыніўся, два хлопцы пабачылі, што ў мяне кроў цячэ, дзірка ў футболцы. Кажуць: «Дык цябе падстрэлілі, табе ў бальніцу трэба, а ня бегаць тут». Якраз стаялі машыны на чырвонае сьвятло. Яны да першай жа машыны падышлі, кажуць: «Хлопцы, можаце закінуць? Чалавека падстрэлілі». Дзякуй вялікі гэтым людзям. Можна сказаць, уратавалі жыцьцё.
— Зрабілі апэрацыю, як прывезьлі, другую на наступны дзень, бо ім нешта там не спадабалася. І вось тады, напэўна, вывелі «стому». Гэта кавалак кішэчніка, які выведзены навонкі.
— Мне самому было цікава паглядзець, што ў мяне трапіла. Але ці ў тую ж ноч, калі мне апэрацыю зрабілі, ці на наступны дзень прыехалі таварышы з органаў і забралі ўсё, у чым я быў, тэлефон, ключы, вайсковы білет, і кулі таксама...
Яны цяпер у Сьледчым камітэце, бо Сьледчы камітэт нібыта пачаў папярэднюю праверку па факце прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Калі я яшчэ быў у рэанімацыі, да мяне прыходзіў стажор, браў у мяне сьліну на ДНК. Як я зразумеў, каб пацьвердзіць, што адзеньне і кулі «з адной опэры».
— Самае цікавае, што ў мяне не было ніякага статусу. Калі стажор прыходзіў браць ДНК, ён даваў сьпіс, дзе пералічаныя статусы ад 1 да 6 — падазраваны, сьведка, пацярпелы. Мне кажуць: «А вы пастаўце лічбачку 7 і расьпішыцеся».
— Як мяне ўжо выпісалі, быў момант, калі мяне набрала адвакатка і кажа: «Тэрмінова пад'едзь». У яе быў яшчэ адзін хлопец, якому таксама дасталася — яна, здаецца, казала, што ён нават у коме быў. Яна сказала, што нашыя справы перадалі ў нейкае галоўнае ўпраўленьне Сьледчага камітэту, гэтага хлопца выклікалі даць паказаньні — і супраць яго адразу завялі крымінальную справу...
Я пабачыў на tut.by, што дактары ў Чэхіі і валянтэры-беларусы хочуць дапамагчы і такая вось праграма ёсьць. Напісаў, мне адказалі, і мы пачалі дамаўляцца.
— Цяпер я ўжо ведаю, што гэта праграма чэскага МУС. Калі я сюды трапіў і мне пра гэта сказалі, у мяне рэальна было такое: «Свае страляюць, забіваюць, калечаць, а людзі за тысячу кілямэтраў, якіх ты ня ведаеш і якія цябе ня ведаюць, гатовыя дапамагчы».
— Дзякуй вялікі ўсяму пэрсаналу менскай 4-й бальніцы, бо падтрымка была вельмі вялікая.
Дзяржава крыху мне сапсавала жыцьцё, і я вымушаны вось гэтую фігню насіць, а калі я ўжо выпісваўся, мне выдалі 30 мяшэчкаў і 15 пласьцін, якія лепяцца вакол стомы. Яны ў мяне скончыліся менш як празь месяц, далей трэба купляць самому.
Адна такая пласьціна і мяшэчак каштуюць 15 рублёў, то бок 5 эўра, а хапае іх на два дні.
— Сёньня мы езьдзілі да дактароў, і я, папраўдзе, быў прыемна зьдзіўлены. Па-першае, сама гэтая пласьціна прыклейваецца даволі моцна. А калі яшчэ крыху там валасы адрастаюць, дык адрываць яе — працэдура не з прыемных. Тут аказалася, што ёсьць спрэй, якім проста пшыкаюць, і яна патроху сама адклейваецца. Агулам, узровень несупастаўны.
— Схадзіў тут на экскурсію ў Праскі град, і мяне ўразіла, што тут прэзыдэнт прыяжджае проста на адной машыне, бяз гэтай кавалькады, як у нас.
Сам часта ежджу праз МКАД і вельмі часта назіраю гэтую карціну. Здаецца, калі цябе падтрымлівае 80 працэнтаў, калі ты такі ўсенародна любімы, усенародны абраны, дык навошта табе столькі аховы? Навошта ты хаваесься ад людзей?
Гэтыя простыя пытаньні даюць нармальнаму, адэкватнаму чалавеку зразумець, што ніякай усенароднай любоўю, падтрымкай і легітымнасьцю ўжо даўным-даўно ня пахне.