Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зноў пачаліся праблемы з мабільным інтэрнэтам — на загад дзяржаўных органаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У нядзелю 25 кастрычніка ў Менску назіраюцца праблемы з доступам у сеціва праз мабільны інтэрнэт, паведамляе Tut.by.

Цяжкасьці пачаліся каля 12.00. Сувязь LTE практычна не працуе, праз 3G загрузка дадзеных таксама не ажыцьцяўляецца. З-за гэтага інтэрнэт-старонкі могуць адкрывацца з спазьненьнем, альбо не адчыняцца зусім. У мэсэнджараў праблемы аналягічныя — паведамленьні могуць не адпраўляцца і ня прыходзіць, мэдыяфайлы ў іх — не загружацца.

У адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў

У кампаніі МТС з гэтай нагоды заявілі:

«Сёньня ў Менску ў рамках мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі, быў абмежаваны доступ да сеткі інтэрнэт, што прывяло да зьніжэньня якасьці працы сэрвісаў у абанэнтаў. Шкадуем аб сытуацыі, якая склалася».

У кампаніі А1 паведамілі:

«Паважаныя абанэнты! У адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў 25 кастрычніка на тэрыторыі Менска зьніжаная прапускная здольнасьць мабільнага інтэрнэту. Выкананьне гэтага патрабаваньня вядзе да істотнага пагаршэньня якасьці сэрвісу перадачы дадзеных або часовай недаступнасьці паслугі. Аб аднаўленьні карэктнага доступу будзе паведамлена, як толькі гэта стане магчымым. Спадзяемся на хуткае аднаўленьне абслугоўваньня».

Падобныя праблемы з мабільным інтэрнэтам у Менску ня новыя. Падчас пратэстных акцый па нядзелях у жніўні, верасьні і першай палове кастрычніка абанэнты распавядалі пра такія ж цяжкасьці. Тады апэратары заяўлялі, што «доступ абмяжоўваўся ў рамках мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі».

Сёньня ў Менску і іншых гарадах Беларусі чакаюцца маршы ў падтрымку «Народнага ўльтыматуму», на 78-ы дзень пратэстаў супарць фальшаваньня выбараў і гвалту. Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская выставіла ўльтыматум уладам: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне гвалту на вуліцах.

Нязгодныя з абвешчанымі вынікамі выбараў і масавымі рэпрэсіямі, якія выліліся ў сьмерць, раненьні і арышты дэманстрантаў, заклікалі 25 кастрычніка правесьці ў цэнтры Менску і іншых гарадоў Беларусі масавыя дэманстрацыі ў падтрымку «Народнага ўльтыматуму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG