Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падышло шмат сілавікоў, уключылі камэру і пачалі допыт». Жанчыну вінавацяць у крадзяжы рацыі на мітынгу


Юлія Міхейчык
Юлія Міхейчык

Цэнтральны раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу паводле артыкулу 205, частка 1, на Юлію Міхейчык, якая нібыта скрала рацыю ў супрацоўніка міліцыі падчас акцыі пратэсту. Юлія сьцьвярджае, што рацыю падняла зь зямлі.

МУС: «Жанчына скрала ў аднаго з міліцыянтаў радыёстанцыю»

Пра гэты выпадак раней паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Яна напісала ў тэлеграм-канале, што мянчанка ўвечары 23 верасьня «скрала ў міліцыянта радыёстанцыю, калі той затрымліваў правапарушальніка» падчас несанкцыянаванай акцыі.

«У нейкі момант жанчына, якая назірала збоку, наблізілася да месца падзеі і скрала ў аднаго зь міліцыянтаў радыёстанцыю. А потым паспрабавала схавацца ў натоўпе, не адрэагаваўшы на патрабаваньне вярнуць маёмасьць. У выніку, нягледзячы на аказаны супраціў, яе затрымалі», — паведаміла Вольга Чамаданава.

Паводле прэс-сакратаркі, «крадзёж учыніла непрацоўная 37-гадовая мянчанка, каб перашкодзіць праваахоўнікам».

«У гараджанкі ёсьць непаўналетні сын, якога выхоўвае бабуля. Маці наведвае дзіця толькі ў выходныя», — гаварылася ў афіцыйных паведамленьнях.

«Я пыталася ў людзей, што мне рабіць з гэтай рацыяй»

Юлія Міхейчык расказала Свабодзе, як усё адбывалася. Яна адразу заявіла, што рацыю падняла з зямлі. Гэты момант ёсьць на відэа допыту адразу пасьля затрыманьня.

Юлія кажа, што ўбачыла, як вайскоўцы жорстка затрымлівалі дэманстранта. Ім аказаўся мянчук Сяргей Шаўчук. Юлія вырашыла пагаварыць з вайскоўцамі, каб мужчыну адпусьцілі.

«Я падышла і разумею, што яны на мяне не рэагуюць. І адзінае, што мне прыйшло ў галаву, — гэта ўчапіцца за рэмень мужчыны, якога затрымлівалі, я прасіла яго адпусьціць. Побач сяброўка спрабавала мяне падтрымаць. Але мне нічога не ўдавалася, потым яшчэ адзін вайсковец ударыў мяне па руках, і ўсё, — кажа Юлія. — Мы павярнуліся, каб сыходзіць, і за два мэтры ляжала рацыя. Я падышла і ўзяла яе».

У гэты час Юлія ўбачыла, што людзі пабеглі, бо пайшло новае ачапленьне. Яна пабегла разам з усімі, трымаючы ў руках рацыю.

«Я апынулася ў натоўпе, пыталася ў людзей, што мне рабіць з гэтай рацыяй. Я нават не ўспрыняла гэта ўсур’ёз: ну падняла і падняла, потым вярну, бо яна мне зусім не патрэбная. Людзі раілі яе выкінуць. Я вырашыла, што ня буду выкідаць, бо нехта падыме, невядома як скарыстае і я буду крайняя. Там было шмат карэспандэнтаў, і я была ўпэўнена, што яны здымуць і будзе відаць, што я гэтую рацыю ня крала, а падняла. Я вырашыла, што калі не аддам вайскоўцам рацыю, то аднясу ў РУУС», — кажа Юлія.

Ля гатэлю «Беларусь» людзі зноў пабеглі, калі пайшло ачапленьне сілавікоў у чорным з дубінкамі.

«Я спужалася, ведала, што яны адразу б’юць, калі некага даганяюць. Мы зноў пабеглі, а рацыя была ў руцэ. Потым я пачула ззаду: „Стой!“ і потым нешта пра рацыю. Я выкінула рацыю, каб яны яе забралі і ад мяне адчапіліся. Але яны мяне дагналі, паднялі рацыю, а мяне павялі ў бусік».

Юлію прывялі ў сіні бус на стаянцы каля гатэлю «Беларусь».

«Я там была адна, іх многа, было страшна. Мне задавалі пытаньні, чаму я хаджу на мітынгі. Я пачала адказваць, і тут прыйшоў, відаць, старшы, груба закрыў мне рот, маўляў, каб я заткнулася. Мяне вывелі з бусіка, і я ўбачыла ля аўтобуса затрыманых хлопцаў, побач ляжалі плякаты. Яны стаялі на каленях, рукі за галаву, галавой упёршыся ў аўтобус. Тут да мяне падышлі шмат сілавікоў, рэзка ўлучылі сьвятло ў твар, уключылі камэру і пачалі допыт. Кавалак гэтага допыту трапіў потым на тэлевізію. І пасьля гэтага мяне пачалі вінавіціць у крадзяжы: маўляў, мянчанка скрала рацыю ў міліцыянта».

Юлію цягам содняў трымалі ў РУУС і ў ІЧУ на Акрэсьціна, склалі пратаколы за крадзеж рацыі і за ўдзел у мітынгу. У адміністрацыйнай справе аштрафавалі на 20 базавых і адпусьцілі. Праз два тыдні яе выклікалі ў Цэнтральны раённы аддзел Сьледчага камітэту.

«Ніколі такога не было, каб я не даглядала дзіця»

Паводле Юліі, у тэлебачаньні паказалі інфармацыю, якую ніхто не правяраў, «напісалі лухту». Яна паводле прафэсіі цырульніца, але пакуль не працуе ў салёнах з прычыны здароўя.

Юлія Міхейчык
Юлія Міхейчык

«Сказалі, што, маўляў, нават сын са мной не жыве, яго выхоўвае бабуля. Сыну 16-ы год. Ніколі такога не было, каб я не даглядала дзіця, я яго цалкам забясьпечваю. Напісалі таксама, што я беспрацоўная. Але ў мяне аформлена рамесьніцтва, я раблю лялькі і прадаю. Я і сьледчаму казала, што ўсё аформлена і я плачу падатак».

Таксама Юлія перадала сьледчым відэа, на якім бачна, як яна трымалася за дэманстранта.

«Я ім прадставіла відэа, якое знайшлося ў журналістаў „Онлайнера“. Думала, яны ўбачаць, што няма складу злачынства, і супакояцца. Я разумею, што ад мяне проста так не адчэпяцца, — кажа Юлія. — Было сьмешна чытаць, што я прыйшла на мітынг з намерам скрасьці рацыю. Гэта няштатная сытуацыя на мітынгу, дзе і вадамёт працаваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG