20 верасьня ў Гомлі праходзіў Марш справядлівасьці. На пляцоўцы каля цырку людзей сустрэў АМАП і пачаў разьбіваць калёну. Частка людзей прарвалася праз ачапленьне. У штурханіне адзін зь міліцыянтаў зваліўся на зямлю.
«Цяпер на майго сына распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Нібыта ён „нанёс удар па задняй паверхні нагі“ міліцыянта. Затым нібыта міліцыянт паваліў Аляксея на зямлю, а той вырваўся і „нанёс два ўдары па галаве міліцыянту“. Насамрэч сын ня біў міліцыянта», — кажа маці затрыманага.
24-гадовы Аляксей цяпер у СІЗА. Яго абвінавачваюць па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Аляксею пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.
Ягоныя блізкія просяць адгукнуцца сьведак падзеяў ля цырку 20 верасьня.