У Францыі ў нядзелю прайшлі акцыі ў памяць пра настаўніка Самюэля Паці, забітага 16 кастрычніка ў парыскім прадмесьці. Яго забойства паліцыя расьсьледуе як тэракт.
Як паведамляе радыё RFI, найбольш буйныя маніфэстацыі адбыліся ў Парыжы, Ліёне, Бардо, Страсбуры, Лілі, Нанце і Марсэлі.
У Парыжы тысячы людзей прыйшлі на плошчу Рэспублікі. Паводле сьведчаньня нашага карэспандэнта, такога шматлікага сходу ў Парыжы не было даўно. На акцыю прыйшлі прэм’ер-міністар Францыі Жан Кастэкс, міністар адукацыі, мэр Парыжу, іншыя вядомыя палітыкі.
Арганізатарамі акцыі стала рэдакцыя сатырычнага выданьня Charlie Hebdo і прафсаюз настаўнікаў. Некаторыя ўдзельнікі трымалі ў руках плякаты «Я Самюэль» ці «Я настаўнік» — паводле аналёгіі са знакамітым лёзунгам «Я Шарлі» (Je suis Charlie), які зьявіўся пасьля забойства журналістаў выданьня радыкальнымі ісламістамі ў студзені 2015 году. Людзі, якія сабраліся, выступаюць за свабоду слова і выкананьне законаў рэспублікі.
Жыхары Канфлян-Сэнт-Анарын, дзе адбылося забойства, прыносяць кветкі і сьвечкі да калежу, у якім выкладаў Самюэль Паці.
Выкладчык гісторыі і геаграфіі быў забіты ў пятніцу. Падазраваны ў забойстве Паці — 18-гадовы ўраджэнец Масквы, які з бацькамі даўно жыў у Францыі, атрымаўшы статус уцекача. Ён быў застрэлены паліцыяй пры спробе затрыманьня пасьля забойства. У сацыяльных сетках ён выкарыстоўваў радыкальную ісламісцкую рыторыку. Вядома, што настаўнік на адным з урокаў незадоўга да сваёй гібелі дэманстраваў вучням карыкатуру на прарока Мухамада, апублікаваную раней Charlie Hebdo, каб абмеркаваць зь імі тэму свабоды слова.
Па справе аб забойстве затрыманыя ўжо 11 чалавек, сярод іх — чацьвёра сваякоў 18-гадовага экстрэміста, які падазраецца ў забойстве настаўніка.