Свабода высьветліла, што здарылася на Партызанскім праспэкце, дзе невядомы чалавек на відэа трапляе ў кватэру праз вакно.
У тэлеграм-каналах зьявілася відэа, на якім бачна, як невядомыя з дубінкамі забраліся на казырок крамы на Партызанскім праспекце, 19. Аўтар відэа расказала, што яны разьбілі шыбу ў кватэры.
Як высьветліла Свабода, шкло ў кватэры не разьбіта, пра што сьцьвярджаў аўтар відэа. Чалавек у балаклаве трапіў у кватэру празь дзьверы. Ён шукаў нейкіх журналістаў, якія знаходзіліся ў гэтым доме. Момант на відэа — гэта зьняцьце маскітнай сеткі.
Пра гэта нам расказаў гаспадар кватэры Станіслаў. Ён сам зьняў маскітную сетку на патрабаваньне чалавека ў балаклаве, пасьля чаго той выйшаў на казырок дома. Кім былі людзі ў балаклавах, гаспадар ня ведае.
Да пад’езду, дзе нібыта выбілі шкло, прыехалі каля дзесяці чалавек, каб падтрымаць гаспадара кватэры.
Людзі званілі ў ЖЭС, прапаноўвалі сабраць грошы на новую шыбу. Яны разьехаліся, калі даведаліся, што шыба не разьбітая.
На Партызанскім праспэкце сёньня адбыўся шматтысячны марш супраць улады Аляксандра Лукашэнкі.