Прадстаўнік Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін пракамэнтаваў выказваньне мітрапаліта Веньяміна аб забароне выконваць духоўны гімн «Магутны Божа», бо гэта нібыта спрыяе «падзелу грамадзтва».
«Гэта была размова ў канкрэтным прыходзе аб бягучых справах — прыходзкіх і епархіяльных, — адзначыў ён. — Патрыяршы экзарх ня ставіў сваёй мэтай агучыць праграмную заяву на ўсю краіну, ідзецца не пра катэгарычную забарону выконваць „Магутны Божа“. Заўвага ўладыкі тычылася выкананьня гэтага гімну ў богаслужбовым кантэксьце. Ён зьвярнуў увагу, што часам настаяцелі пры выбары рэпэртуару дадатковых сьпеваў ня ўлічваюць думкі ўсіх прыхаджанаў».
Сергій Лепін лічыць, што пэўныя прыхаджане бачаць у гімне «Магутны Божа» нэгатыўныя палітычныя канатацыі, бо яго словы напісаныя ў 1943 годзе Натальляй Арсеньневай — жонкай Францішка Кушаля, тады лідэра Беларускай краёвай абароны.
«Не жадаючы ўступаць у працяглыя спрэчкі аб сутнасьці тэксту, музыкі і абставінаў узьнікненьня гэтага твору, кіраўнік БПЦ акцэнтаваў увагу, што ня варта выконваць „Магутны Божа“ падчас набажэнства ў прыходзе дзеля агульнага міру — паводле таго ж прынцыпу, як апостал Павал адмовіўся ўжываць мяса, каб не спакушаць свайго брата. Япіскапы адказныя ў межах сваіх япархіяў за добры парадак, а Патрыяршы экзарх — у межах усёй Беларускай Праваслаўнай царквы», — патлумачыў прадстаўнік БПЦ Сергій Лепін.
Ад пачатку 1990-х у Магілёве ладзіцца фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які атрымаў назву акурат у гонар аднайменнага верша Натальлі Арсеньневай. Апошнім часам імпрэзу праводзяць раз на два гады.