Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася з словамі падтрымкі да студэнтаў і выкладчыкаў.
Як адзначыла Сьвятлана Ціханоўская, для многіх маладых людзей сёлетнія прэзыдэнцкія выбары былі першымі ў жыцьці — і яна ўсьцешаная, што іхныя галасы нарэшце былі пачутыя.
«Вам ніхто не павінен дыктаваць, як сябе паводзіць, пра што марыць і да чаго імкнуцца — гэта ваша краіна, вы проста цяпер будуеце яе для сябе і сваёй будучыні. І ваш пратэст паказвае, што вы — сапраўдная сіла, зь якою павінны лічыцца людзі ўсіх пакаленьняў і пасадаў», — канстатавала яна.
Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што сама паводле адукацыі пэдагог. Таму зьвярнулася і да калегаў-выкладчыкаў.
«Вы працуеце ня дзеля заробкаў — яны ўсе гэтыя гады пакідалі жадаць лепшага. Вы працуеце ня дзеля рэжыму — апошняе, пра што ён думае, гэта адукацыя і культура. Вы ходзіце на працу, бо будучыня гэтых маладых людзей залежыць ад вас — часам нават мацней, чым ад іхных бацькоў. Ці могуць яны давяраць вам? Ці могуць яны пачувацца ў бясьпецы ў сьценах роднай ВНУ? Могуць, калі вы ня будзеце маўчаць».
Выкладчыкі павінны падтрымліваць і абараняць студэнтаў. Мусяць публічна заявіць аб недапушчальнасьці якога-хаця гвалту над студэнтамі і супрацоўнікамі ВНУ. Унівэрсытэт — ня месца для невядомых людзей у балаклавах, падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.
Яна запэўніла: зрабіўшы правільны выбар, ніхто не застанецца сам-насам з магчымымі наступствамі. Кожны мае права разьлічваць на падтрымку праекту «Сумленны ўнівэрсытэт» з усім комплексам дапамогі — юрыдычнай, каардынацыйнай, фінансавай.
Цяпер беларусы здаюць самы адказны іспыт у сваім жыцьці, і шанцу на пераздачу няма, адзначыла ў сваім звароце Сьвятлана Ціханоўская.