Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо выступіў з заявай з нагоды выгнаньня зь Беларусі каталіцкага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
«Больш за 40 дзён прайшло з часу, як беларускія ўлады не дазволілі свайму грамадзяніну, каталіцкаму архібіскупу Кандрусевічу вярнуцца ў краіну, грунтуючыся на сумнеўным меркаваньні, што рэлігійныя лідэры не павінны публічна выступаць супраць несправядлівасьцяў. Іх крок — сам па сабе несправядлівасьць і замах на свабоду веравызнаньня. Вера — гэта ня проста асабістая справа. Я заклікаю беларускія ўлады выправіць гэтую несправядлівасьць і дазволіць лідэру рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі вярнуцца ў краіну», — гаворыцца ў заяве Пампэо.
14 верасьня Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча быў прызнаны несапраўдным, таму яму і было адмоўлена ва ўезьдзе ў краіну 31 жніўня.
Мітрапаліт Кандрусевіч нарадзіўся ў Беларусі. На пэўны час ён выходзіў з грамадзянства Беларусі, калі кіраваў Каталіцкім касьцёлам у Расеі. У 2007 годзе мітрапаліт вярнуўся на радзіму, калі папа Рымскі прызначыў яго кіраваць касьцёлам у Беларусі. Спачатку ён атрымаў від на жыхарства, а пазьней вярнуў грамадзянства Беларусі і іншага грамадзянства ня мае, заявіў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай каталіцкай царквы айцец Юры Санько.
Беларускі закон патрабуе, каб кіраўнікі цэркваў мелі беларускае грамадзянства, і мітрапаліт Кандрусевіч гэтае палажэньне закону выканаў.
Юры Санько паведаміў Свабодзе, што ў 2007 годзе не было было ніякіх праблем зь пераездам Кандрусевіча на радзіму і зь вяртаньнем беларускага пашпарта, і ніякіх пытаньняў ад МУС Беларусі тады не было.