«Не магу маўчаць» — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага ліку — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com
Мой суразмоўца — афіцэр міліцыі аднаго з абласных цэнтраў, звольніўся перад выбарамі з прычыны здароўя. Яму не прыйшлося скандаліць і ладзіць дэмаршы. Але свайго імя ён называць ня хоча. Ведаючы цудоўна сваіх калегаў, да якіх у яго усё болей пытаньняў. На якія, зрэшты, ён не чакае хуткіх адказаў.
— Адбылася падмена сэнсаў паняцьця „патрыятызм“. Для ўсіх беларусаў, а для тых, хто носіць пагоны, асабліва. Любоў да радзімы падмянілася адданасьцю дзяржаве. У нас радзіму замянілі дзяржаваю. Паміж гэтымі паняцьцямі ў многіх сілавых галовах стаіць знак роўнасьці. Таму людзі, якія выконваюць загад, думаюць, што яны ратуюць радзіму. У іхным паняцьці радзімы няма мовы, гісторыі, культуры. Улада — гэта і ёсьць радзіма. Я часта задумваюся, як сябе павядуць сілавікі ў выпадку прыходу сюды іх калег з Усходу. Яны ня будуць абараняць радзіму. Бо з трыкалёрам прыйдзе расейскі заробак. А ён большы ў разы. Многія нашыя пэнсіянэры, якія служылі яшчэ за часамі СССР, аформілі сабе расейскую пэнсію. Бо яна значна вышэйшая. Я ня веру, што яны нас будуць абараняць.
У сілавых структурах розныя людзі. Ёсьць тыя, хто сьвята верыць, што яны ратуюць радзіму. Ёсьць тыя, хто выпрацаваў для сябе такі мэханізм абароны — гавораць адно, думаюць інакш. Але, што цікава, — усе, з кім я кантактаваў пасьля жнівеньскіх падзеяў, — яны ўсе дэманстравалі высакароднасьць. Вядома, што сярод міліцыянтаў былі тыя, хто не шчыраваў дубінкай, а даваў магчымасьць зьбегчы. Дык я не сустрэў ніводнага, хто б выхваляўся, як біў людзей. Не! Яны ўсе толькі дапамагалі зьбегчы. „Я харошы!“ Гэта нейкі іншы кепскі, але ня я. Гэта адмаўленьне сваёй уласнай віны.
Той, хто аддаваў загад катаваць, цудоўна разумеў, як дабіцца максымальнай аддачы. Іх трэба было абезасобіць. Іх абезасобілі балаклавамі. Ім трэба было даць групавую адказнасьць, групавую паруку. Калі ты дэпэрсаналізаваны ў натоўпе — ты ніхто. І трэцяе — узяць адказнасьць на сябе. Міністар бярэ адказнасьць за ўсё.
А яшчэ была адпаведная ідэалягічная апрацоўка. Што выйдуць ворагі, якія хочуць забіць вашы сем’і, што іх трэба здушыць, навучыць іх „родзіну любіць“. Але гэта ўжо другасныя рэчы. А далей працуюць інстынкты. Хто засоўваў дубінку — гэта тыя, у каго схаваны гомасэксуалізм. У тых, хто біў, — схаваны садызм. Інстынктам далі выйсьці на волю. Мо гэтыя схаваныя інстынкты сядзелі б яшчэ гадоў дваццаць. Мо чалавек бы і памёр, і тыя інстынкты засталіся схаванымі. А тут ім далі магчымасьць выйсьці. Паглядзіце, усе катаваньні, пачынаючы ад сярэднявечча, усё роўна зводзіліся да сэксуальных вычварэньняў. Тое ж саджаньне на кол. Альбо як амэрыканцы папаліся ў Іраку. Разьдзяваньне, прыніжэньне. Усё роўна быў сэксуальны кантэкст.
Гэта маё кола зносінаў. Для вас гэта чалавек у балаклаве. А для мяне — гэта чалавек, якога я ведаю блізка. Якога я ведаю як прыемнага, усьмешлівага суразмоўцу. Ведаю яго сям’ю, яго дзяцей. І я не магу суаднесьці гэтых людзей. Чалавек у балаклаве, які такое творыць, і чалавек, якога я знаю. У мяне ўнутраны канфлікт. Я не магу на былых калегаў спакойна глядзець. Думаю: у цябе рукі ў крыві па локаць ці па плечы? Тое, што яны выраблялі, ніяк не стасуецца з паняцьцем афіцэрскага гонару. Афіцэр ня можа аддаць загад забіваць свой народ.
Я не магу адказаць на пытаньне, навошта была такая сіла. Сэнсу ў гэтым не было аніякага, калі мэта — разгон акцыі. Навошта закрываць мэтро? Людзі разыдуцца і паедуць дахаты. Чаму дайшлі да Ўручча? Бо ўсе станцыі былі закрытыя. Навошта правакаваць? Мне не зразумела. Адзіны адказ — гэта помста.
Ён заўсёды помсьціць. Калі ў 2011-м людзі выйшлі папляскаць, практычна адразу быў прыняты абсалютна бессэнсоўны ўказ, што дзеці ў школу ходзяць з 9-й гадзіны. Нязручна ўсім — настаўнікам, людзям. Усе былі ў шоку. Навошта? Адпомсьціць. Выйшлі папляскалі супраць мяне? Вось вам гадасьць. Зараз выйшлі прагаласавалі супраць мяне? Вось вам гадасьць. Я вас навучу родзіну любіць. Іншага адказу я не магу знайсьці. Альбо гэта правакацыя абвастрэньня сытуацыі з мэтай уключыць Беларусь у Расейскую Фэдэрацыю. У 2010-м было больш агрэсіі з боку пратэстоўцаў. А цяпер зусім не было агрэсіі. Тыя агрэсары, якія ўсё ж былі, — ці не зь сілавікоў яны?
Я чуў, што зараз многія амонаўцы хацелі б сысьці. Але ім свае пагражаюць. Маўляў, здрадзіш — мы цябе самі прыб’ем. Ідзецца пра фізычную расправу. Нехта ўжо не вытрымлівае. Гэта непазьбежна, бо сумленьне прачынаецца. Частка, безумоўна, застанецца ў сваёй праваце, а частка зразумее, што яны нарабілі. Да іх ужо пачынае прыходзіць асэнсаваньне. Але рукі ўжо запэцканы крывёю.
У іх ёсьць пачуцьцё беспакаранасьці — па сёньняшні дзень. І не ўяўляю, як мы зьбіраемся вярнуцца ў праўнае поле. Яны ў нейкі дзень здымуць балаклавы і выйдуць на вуліцы? Які плян дзеяньняў ва ўлады? Што празь месяц, праз два, праз тры хлопцы, якія зараз хаваюцца, ізноў пойдуць на парад з адкрытымі тварамі? Цікава. Яны будуць насіць балаклавы ўвесь час, пакуль ён будзе ва ўладзе? Самым лягічным было б кінуць народу костку. Знайсьці пару ідыётаў, распачаць дзясятак справаў. Можна іх нават не даводзіць да суду. Стварыць проста ілюзію — ах, хлопцы перастараліся. І напруга б зьбілася. Але гэтага ня робіцца. Зразумела, чаму: я з вамі! ніводнага ня здаў! Нават той, хто жанчыну ў Жодзіне ўдарыў, — прайшло, быццам так і трэба было! Нехта з УВ страляў па журналістцы „Нашай Нівы“ — вінаватая „Наша Ніва“. Я ніколі не адчуваў нянавісьці да чырвона-зялёнага сьцяга, пакуль ня ўбачыў яго на аўтазаку. Хоць гэта сьцяг майго дзяцінства. Але калі я пабачыў яго на аўтазаку — гэта ўсё. Дно прабітае.
Тая міліцыя, якая з народам, — яна звольнілася. Шмат хто не звальняецца, бо адзіны кармілец у сям’і. Людзі не гатовыя зараз сысьці ў нікуды. Пагатоў будучы павязанымі крывёй. Яны не пяройдуць, бо баяцца. Тыя, хто „з народам“ у душы, чакаюць цуду. Яны ведаюць, што і новай уладзе будуць патрэбныя. Калі гаворка ішла пра тое, за каго галасаваць і як сфатаграфаваць бюлетэнь, каб адаслаць яго ў „Голас“, адзін афіцэр мне сказаў, што для гэтага трэба мець сталёвыя яйцы. Проста каб сфатаграфаваць бюлетэнь, трэба яйцы мець? Уяўляеце? А каб звольніцца, патрэбныя, напэўна, чыгунныя. Яшчэ адна прычына, чаму ў армii няма масавага сыходу афiцэраў цi пераходу на бок народу — там амаль не засталося афiцэраў, здольных на ўчынак.
Вы ніколі не глядзелі прахадныя балы ў сілавыя ВНУ? Гэта ж адкрытая інфармацыя. 100, 110. Дзяліце на чатыры. Разам з атэстатам. І тры ЦТ. Атрымліваем два, два з паловай, тры. У дзесяцібальнай сыстэме. Асноўная маса афіцэраў — гэта тыя, хто прыйшоў па льготы. Яны зьбеглі з калхозаў. Там, на вёсцы, засталася маці. А ён у горадзе стаў чалавекам. Ён кепска вучыўся, буквар скурыў. Мазгоў няма. Гаўно мясіў. А тут яму боты далі, стыпэндыю далі. Для многіх гэта іхны адзіны шанец вырвацца з калхозу. І яшчэ адзін момант, чаму не звальняюцца. Ім кажуць — па той бок плоту вы нікому не патрэбныя. Вас „на гражданке“ ніхто не чакае. Гэта ўбіваецца ў галаву ад пачатку. Многія пасьля выхаду на пэнсію, стаўшы цывільнымі, шукаюць нейкую непатрэбную працу ў дзяржаўных структурах, сярод былых саслужыўцаў. Ідуць нейкімі ідэолягамі, інструктарамі грамадзянскай абароны. Яны вельмі баяцца свабоды.
Тое, што зараз замазалі армію, — мне не зразумела. Бо армія створаная для вонкавай пагрозы. Чаму прымяняецца мар’інагорская брыгада спэцназу? Навошта гэта робіцца?
Калі я даведаўся пра згвалтаваньні, я зразумеў, што мы ніколі ня вернемся ў 28 траўня. Менавіта траўня. Бо для мяне ўсё пачалося з арышту Ціханоўскага. Пасьля гэтага пачаліся ціхушнікі. І ўсе дазвалялі ім круціць людзей. Усё пачыналася пакрысе. Мы ніколі ня вернемся назад.
Беларусам трэба рабіць тое, што трэба беларусам. Украінцы рабілі сваю рэвалюцыю як украінцы, кіргізы як кіргізы. Калі беларусы будуць гэта рабіць, мы будзем потым жыць з гэтай псыхялягічнай траўмай. Калі мы зараз гэтага ня робім, значыць, мы зараз да гэтага не гатовыя. Нам гэтага зараз не патрэбна. І ня трэба нам ваш мэханізм рашэньня праблемаў. Мы іншыя. Што нам перашкаджае — у нас няма досьведу перамогі. У нас няма досьведу незалежнасьці. Мы жылі вольна ў ВКЛ. Але гэта было даўно. У нас няма генэтычнага досьведу свабоды. Можа, зараз творыцца наша француская рэвалюцыя? Мы адстаем. Але ж мусіць жа зьявіцца нейкі досьвед змаганьня за свабоду? Хочацца верыць, што ўсё атрымаецца. Невядома, праўда, якой цаной.