У Таджыкістане 11 кастрычніка праходзяць прэзыдэнцкія выбары. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць пяць кандыдатаў, у тым ліку дзейны прэзыдэнт Эмамалі Рахмон, які ва ў ладзе ад 1992 году і ўпершыню балятуецца ў якасьці «лідэра нацыі».
Для яго гэта ўжо пятыя прэзыдэнцкія выбары. Ніводныя зь іх не прызнаваліся міжнароднымі назіральнікамі сапраўды дэмакратычнымі. Іншыя кандыдаты на цяперашніх выбарах – лідэры чатырох палітычных партый, ляяльных уладзе.
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, да сярэдзіны дня 11 кастрычніка ў краіне прагаласавалі амаль тры з палова мільёнаў выбарнікаў, або крыху больш за 70% ад іх агульнай колькасьці.
Пра асаблівасьці прэзыдэнцкіх выбараў у Таджыкістане тэлеканал «Настоящее время» пагутарыў з былым намесьнікам міністра эканомікі гэтай краіны Карымджанам Ахмедавым.
— Што дазваляе дзейнаму рэжыму ў Таджыкістане трымацца на плыву, калі мець на ўвазе эканамічны пункт гледжаньня?
— Эканамічны пункт гледжаньня не зьяўляецца вызначальным у Таджыкістане. Рэч у тым, што кіроўны клептакратычны рэжым ўвесь час вяртаецца да колішняй грамадзянскай вайны. Я б не назваў яе вайной — гэта проста ўнутрынацыянальны канфлікт. І гэта вельмі душыць людзей. За гэты час, напрыклад, калі лічыць з 1994 году – гэта больш за 26 гадоў, – людзі сталі проста апалітычнымі. У іх адзін прыярытэт: як пракарміць сябе і як пракарміць сваю сям'ю. Больш за мільён грамадзян па-за межамі рэспублікі.
Краіна мае калясальную вонкавую запазычанасьць. І гэтая пандэмія будзе ціснуць далей эканоміку, таму што ўсе прагнозы Сусьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду сьведчаць пра тое, што сытуацыя наогул у Цэнтральнай Азіі будзе дрэнная.
Але Рахмон здолеў стварыць сыстэму, якая прывяла да таго, што насельніцтва зрабілася разгубленым, апалітычным. І сёньня дэмакратычныя каштоўнасьці і многае іншае, што з гэтым зьвязана, не зьяўляецца для іх прыярытэтам.
— Наколькі ўстойлівая выстраеная Рахмонам сыстэма, і колькі яна можа пратрымацца? Зразумела, што ўстойлівая, раз ён пратрымаўся 28 гадоў. Але тым ня менш.
— Так, ён стаў палітыкам. Я памятаю яго з таго моманту, як ён прыйшоў да ўлады. Ён стаў палітыкам. І тут вельмі многае вызначаецца тым, якое месца ў структуры, у постсавецкай прасторы займае Таджыкістан. Паглядзіце, напрыклад, на Беларусь. Рэч у тым, што вельмі многія працэсы будуць вызначацца тым, што будзе адбывацца ў Расеі. Гэта адносіцца і да Таджыкістану, і да Беларусі, і да Кіргізстану.