Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі пра тое, што Ціханоўская «плакала на шыі»


У эфіры тэлеканалу «Настоящее время» сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка пракамэнтаваў словы Лукашэнкі аб, нібыта, ягоным асабістым удзеле ў прадухіленьні замаху на Сьвятлану Ціханоўску.

«Заява Лукашэнкі пра тое, што яна (Ціханоўская) плакала на шыі, вартая таго ж, што і заява пра тое, што ён мяне ўскарміў сваімі грудзьмі». На удакладняючае пытаньне журналіста, ці плакала яна насамрэч, Латушка адказаў – не.

Падчас сёньняшняй урадавай нарады Аляксандар Лукашэнка распавёў сваю вэрсію ад’езду Сьвятланы Ціханоўскай з краіны ў Літву. Гэтыя сёньняшнія яго заявы перадае БЕЛТА.

Паводле Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі і ў пачатку вулічных акцыяў пратэстоўцы дамагаліся аднаго: ім не хапала сакральнай ахвяры. Ёю магла стаць Ціханоўская. Аднак яе па яе ж просьбе пасьпелі своечасова вывезьці ў Літву, заявіў Лукашэнка.

«Тая грамадзянка Беларусі і хатняя гаспадыня Ціханоўская сёньня забылася, што прэзыдэнт Беларусі яе выратаваў», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у тыя дні выклікаў да сябе тагачаснага старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка і даручыў узяць пад кантроль штаб апазыцыі. «У адваротным выпадку адбылася б бяда» — патлумачыў Лукашэнка. — Задума быў — падпаліць штаб і абвінаваціць уладу».

На наступны дзень, распавёў ён, Ціханоўская папрасілася на прыём да міністра ўнутраных спраў, пра што Юрый Караеў далажыў Лукашэнку.

«Я адправіў туды двух чалавек: яго першага намесьніка і кіраўніка ААЦ. У цэлым просьба была адна: "Калі ласка, перадайце прэзыдэнту, я хачу зьехаць з Беларусі: будзе бяда". Мы разумелі, што можа быць бяда. І я аддаў распараджэньне: мы пад аховай, па яе жаданьні, з людзьмі, пра якіх яна папрасіла, каб яе суправаджалі, вывезьлі ў Літву да дзяцей. і калі яна сказала, што ў яе няма грошай, каб там пражыць, я распарадзіўся, і з дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч даляраў і аддалі ёй. „Вялікі дзякуй вам“, — плакала на шыі. Вывезьлі », — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што беларускай амбасадзе ў Літве было даручана дапамагчы Сьвятлане Ціханоўскай з пераездам, у тым ліку з пошукам кватэры. «Але яе хутка ўзялі пад кантроль спэцслужбы Літвы. Усё астатняе вы ведаеце. Гэтай сакральнай ахвяры не здарылася, а ўявіце, калі б гэта адбылося. Таму яе ніхто не выштурхоўваў за мяжу. Стаяла пытаньне жыцьця і сьмерці, і гэта было яе жаданьне » - заявіў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG