Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у Беларусі ад пачатку эпідэміі дасягнула 82 471, за гэты час памерлі 885 хворых, паведаміла Міністэрства аховы здароўя 9 кастрычніка.
За апошнія содні зарэгістравана:
- 489 новых выпадкаў,
- 5 чалавек памерлі,
- 462 паправіліся і выпісаныя.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 76 543 пацыенты. Колькасьць актыўных выпадкаў на 9 кастрычніка — 5043. Колькасьць новых зарэгістраваных выпадкаў апошнія дні працягвае расьці.
Ад пачатку эпідэміі праведзена 2 023 307 тэстаў на каранавірус, у тым ліку за мінулыя содні — 24 218.
8 кастрычніка на нарадзе з прадстаўнікамі сфэры аховы здароўя Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цяпер каранавірусная інфэкцыя COVID-19 «відавочна зноў увайшла ў інтэнсіўную фазу распаўсюджваньня», «ідзе другая хваля». Ён таксама заявіў, што ў пашырэньні каранавірусу ў Беларусі пэўную ролю адыгрываюць акцыі пратэсту, на якія выходзіць шмат людзей, і дадаў: «хочуць хадзіць — няхай хварэюць, там жа грошы на Захадзе абяцаюць вялікія: нібыта 53 мільёны [эўра] абяцалі выдаць».
Пасьля нарады выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч паведаміў, што ў Беларусі скароцяць з 14 да 10 дзён тэрміны самаізаляцыі для тых, хто прыяжджае з краінаў зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй, і кантактаў першага ўзроўню.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ