Менскі эканамічны суд адклаў разгляд пазову Міністэрства інфармацыі аб пазбаўленьні Tut.by статусу СМІ да разгляду ў Вярхоўным судзе скаргаў выданьня на вынесеныя яму 4 папярэджаньні.
Рашэньне агучыў судзьдзя Іван Майсейчык на папярэднім паседжаньні суду.
З такім хадайніцтвам зьвярнуўся адвакат Сяргей Зікрацкі.
Паводле Зікрацкага, Вярхоўны суд разгледзіць скаргі парталу Tut.by на вынесеныя Мінінфармам папярэджаньні 26 кастрычніка.
Судовае пасяджэньне доўжылася 15 хвілін.
Гендырэктар Tut.by Людміла Чэкіна ў камэнтары пасьля паседжаньня сказала, што спадзяецца на справядлівае рашэньне Вярхоўнага суду па скаргах выданьня на папярэджаньні Міністэрства інфармацыі.
«Спадзяёмся, рашэньне суду будзе адпавядаць закону і грамадзкаму інтарэсу», — сказала Людміла Чэкіна.
Яна мяркуе, што рашэньнем суду будзе абаронена права на свабоду слова і забясьпечана магчымасьць для мэдыя выправіць тыя памылкі, якія былі зроблены.
1 кастрычніка «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і рэдакцыі незалежных мэдыя выступілі з супольнай заявай у сувязі зь ціскам на партал Tut.by і абмежаваньнем доступу да незалежных сайтаў.
«Ціск на Tut.by і абмежаваньне доступу да незалежных сайтаў, якое таксама ажыцьцяўлялася па рашэньнях Міністэрства інфармацыі, зьяўляюцца грубым парушэньнем свабоды выказваньня думкі, якую гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Перашкоды ў дзейнасьці найбольш папулярных СМІ ў Беларусі ня толькі парушаюць свабоду журналісцкай дзейнасьці, але і абмяжоўваюць права кожнага на атрыманьне інфармацыі пра сытуацыю ў краіне, дэманструюць пагарду да грамадзян краіны», — гаворыцца ў заяве.
У ёй БАЖ і рэдакцыі СМІ
- заклікаюць Міністэрства інфармацыі адклікаць пазоў аб спыненьні выпуску сеткавага выданьня «Tut.by» і адмяніць рашэньне аб прыпыненьні яго выпуску;
- патрабуюць адмены рашэньня аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія асьвятлялі сацыяльна-палітычныя праблемы ў Беларусі, а таксама адмены перашкодаў у выпуску і распаўсюдзе незалежных друкаваных СМІ;
- выступаюць за неадкладнае спыненьне перасьледу журналістаў і СМІ за іх прафэсійную дзейнасьць і за безумоўную адмену неканстытуцыйных абмежаваньняў свабоды слова ў Беларусі.