Нямеччына ўчора адзначыла 30-годзьдзе з дня свайго ўзьяднаньня. У многіх рэгіёнах краіны адбыліся сьвяточныя мерапрыемствы, галоўнае зь іх прайшло ў Потсдаме ў павільёне Metropolishalle ў замку Бабэльсбэрг. Там сабраліся вышэйшыя кіраўнікі дзяржавы і дэлегацыі грамадзян ад фэдэральных зямель.
Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».
З прычыны пандэміі каранавірусу гасьцей было 230 замест заплянаваных 1250. Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, выступаючы на цырымоніі, прапанаваў стварыць мэмарыяльны комплекс у памяць аб мірнай рэвалюцыі ў ГДР. «Калі мірная рэвалюцыя павінна заставацца крыніцай натхненьня і сёньня, то давайце ж створым мэмарыял, які будзе нагадваць пра гэтую мужнасьць», — сказаў Штайнмаер.
Паводле ягоных словаў, Нямеччына мае патрэбу ў мэмарыяле, які нагадвае ня толькі пра імкненьне ўдзельнікаў мірнай рэвалюцыі да свабоды і дэмакратыі, але і пра тое, што «ўсходнія немцы ўзялі свой лёс ва ўласныя рукі і самі вызвалілі сябе».
З нагоды 30-годзьдзя абʼяднаньня Нямеччыны ў горадзе Дэсаў-Рослаў (фэдэральная зямля Саксонія-Ангальт) адкрыты помнік Міхаілу Гарбачову. Гарадзкія ўлады заявілі, што гэта першы ў Нямеччыне манумэнт першаму прэзыдэнту СССР і ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру.
Помнік адкрыты «ў гонар палітыка, дзейнасьць якога стварыла ўмовы для перабудовы і галоснасьці, якія затым дазволілі ажыцьцявіцца мірнай рэвалюцыі ў ГДР у 1989 годзе і германскаму адзінству ў 1990 годзе», адзначыў обэр-бургамістар Дэсаў-Рослаў Петэр Курас.