«Мы хочам, каб Беларусь была мостам паміж Расеяй і Польшчай, Расеяй і Эўрапейскім Саюзам», — цытуе словы прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага беларуская служба Польскага радыё.
Прынятая лідэрамі краінаў ЭЗ праграма дапамогі Беларусі дазволіць разьвіваць сумесныя інфраструктурныя праекты і супрацоўніцтва паміж малымі і сярэднімі прадпрыемствамі, заявіў у інтэрвію парталу wpolityce.pl Матэвуш Маравецкі. Ён нагадаў, што частка гэтага пляну — магчымасьць увядзеньня бязьвізавага рэжыму для беларусаў.
Паводле кіраўніка польскага ўраду, падтрымка Беларусі мае вялікае значэньне і можа вырашыць будучыню ўсходняга суседа Польшчы.
«Альбо разьвіцьцё, мадэрнізацыя і рост інвэстыцый, альбо хаос унутраных спрэчак», — сказаў прэмʼер Маравецкі. Ён падкрэсьліў, што плян дапамогі — гэта ня плян для Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, а плян для свабодных беларусаў, і яго належны адрасат — беларускі народ.
2 кастрычніка кіраўнікі 27 дзяржаваў ЭЗ прынялі плян для Беларусі і санкцыі супраць беларускага рэжыму за фальсыфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў. Далейшую працу над дэталямі пляну будзе праводзіць Эўрапейская камісія.