У сподах параходу знайшлі вайсковыя машыны, парцаляну і скрыні зь невядомым зьмесьцівам, паведамляе Голас Амэрыкі.
Мяркуюць, што знаходка нямецкага карабля часоў Другой сусьветнай вайны можа дапамагчы разгадаць даўнюю таямніцу — месца знаходжаньня бурштынавага пакою, якія бязь сьледу зьнік з разрабаванага нацыстамі царскага палацу ў Расеі.
Бурштынавы пакой, багата ўпрыгожаны бурштынам і золатам, быў часткай Кацярынінскага палацу пад Санкт-Пецярбургам, але апошні раз яго бачылі ў Кёнігсбэргу (цяпер Калінінград).
У 1945 годзе з Кёнігсбэргу зь цяжкім ладункам выйшаў параход «Карлсруэ», пасьля патоплены савецкімі вайсковымі самалётамі каля берагоў Польшчы.
Дайвэры з групы Baltictech кажуць, што яны знайшлі патанулы «Карлсруэ».
«Мы шукалі зь мінулага году, калі зразумелі, што на дне Балтыйскага мора можа быць пахаваная найцікавейшая таямніца гісторыі, — расказаў дайвэр Томаш Стахура. — Ён практычна не пашкоджаны. У сподах мы выявілі вайсковыя машыны, парцаляну і мноства скрыняў зь невядомым зьмесьцівам».
«Карлсруэ» прымаў удзел у апэрацыі «Ганібал» — адной з найбуйнейшых марскіх эвакуацыяў у гісторыі, дзякуючы якой больш за мільён нямецкіх салдатаў і мірных жыхароў Усходняй Прусіі пазьбеглі савецкага наступу ў канцы Другой сусьветнай вайны.
Гістарычныя дакумэнты сьведчаць, што параход сьпешна пакінуў Кёнігсбэрг зь вялікім ладункам і 1 083 людзьмі на борце.
«Усё гэта разам распальвае ўяўленьне. Знаходка на дне Балтыйскага мора нямецкага параходы і скрыняў зь яшчэ не вядомым зьмесьцівам можа мець вялікае значэньне для ўсёй гэтай гісторыі», — сказаў дайвэр Томаш Звара.
Бурштынавы пакой быў створаны ў Прусіі, а затым падараваны Пятру І у 1716 годзе.
Падчас вайны немцы разабралі пакой і адвезьлі ў Кёнігсбэрг; пакой зьнік падчас бамбаваньняў.